Палітычнага вязня, мастака Алеся Пушкіна збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Адміністрацыя калоніі “Воўчыя норы” ініцыявала ўзмацненне рэжыму адбыцця пакарання Алесю Пушкіну і перавод яго ў турму.

Суд па замене рэжыму адбудзецца 11 лістапада ў судзе Івацэвіцкага раёна. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Кірыловіч, які нядаўна ўзмацніў пакаранне іншаму палітвязню – Сцяпану Латыпаву. Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка 2021 года. Яго прызналі вінаватым па двух крымінальных артыкулах: здзек з дзяржаўных сімвалаў і распальванне варожасці або варажнечы. І прысудзілі да пяці гадоў пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў, прызнаўшы вінаватым у “наўмысных дзеяннях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб” і “здзеку з дзяржаўных сімвалаў”. Нагодай стаў партрэт антысавецкага партызана Яўгена Жыхара, які Пушкін выставіў у Гародні, і перформанс, які ён правёў у Кіеве.