
З Гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэту звольнілі кандыдата гістарычных навук, дацэнта, спецыяліста па царкоўнай гісторыі – Святлану Сілаву. Афіцыйная прычына звальнення — адсутнасць на працоўным месцы больш трох гадзін.
Сілава з 2000 года працавала на кафедры гісторыі Беларусі, з’яўлялася намесніцай загадчыка кафедры па вучэбнай працы.
У кастрычніку Святлану затрымалі сілавікі. Пазней ёй прысудзілі штраф паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Сілава — прадстаўніца вядомай у Беларусі гістарычнай школы прафесара Якава Мараша. У кола навуковых інтарэсаў Святланы Сілавай уваходзіць гісторыя Праваслаўнай царквы ў Беларусі. Яшчэ ў 2005 годзе Беларускі экзархат выдаў яе працу «Крыжовы шлях: Беларуская Праваслаўная Царква ў перыяд нямецкай акупацыі 1941-1945 гадоў».
Каля 15 гадоў Святлана Сілава на грамадскіх пачатках супрацуе з Гарадзенскай епархіяй як навуковы эксперт. Гісторык брала ўдзел і арганізоўвала дзясяткі мерапрыемстваў, актыўна развівала супрацу Гарадзенскага ўніверсітэту з Менскай духоўнай семінарыяй у Жыровічах. Акрамя таго, Сілава ёсць сябрам епархіяльнай камісіі па кананізацыі святых.