У Слоніме 10 лістапада пачаўся і скончыўся суд над вядомым грамадскім актывістам і музыкантам Барысам Кучынскім. Яго судзілі за тое, што ён перапосціў „кепскую” інфармацыю пра міліцыянта з Ваўкавыску і тым самым абразіў яго.

Крымінальная справа над слонімцам вялася паводле двух артыкулаў: 369 – знявага прадстаўніка улады, а таксама артыкулу 203, заўвага 1, частка 3 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя даныя.

Працэс у судзе Слонімскага раёна вёў суддзя Сяргей Манько. Ён прысудзіў 72-гадоваму Барысу Кучынскаму тры гады абмежавання волі без накіравання ў так званую папраўчую ўстанову і штраф на суму 150 базавых велічынь. А таксама прызначыў кампенсаваць шкоду, “прычыненую” міліцыянту з Ваўкавыску, на суму 150 базавых велічынь (4 тысячы 800 беларускіх рублёў).

“Пацярпелы” Віктар Лутчанка вядомы тым, што гэта яго дом нібыта падпаліў Мікалай Аўтуховіч і ён патрабаваў кампенсацыі 15 тысяч рублёў.