Стала вядома, што ў Кастрычніцкім судзе Гародні 7 верасня адбыўся суд па змене пакарання палітвязню Аляксею Федаркевічу (https://prisoners.spring96.org/be/person/aljaksei-fedarkevicz). Па рашэнні суддзі Вольгі Бекушавай палітвязню змянілі абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ на пазбаўленне волі. Але ў якую калонію перавялі Аляксея, пакуль невядома.

Нагадаем, жыхара Салігорска асудзілі (https://spring96.org/be/news/104229) 6 ліпеня 2021 года да двух гадоў “хіміі” за абразу начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС. У студзені 2021 года мужчыну затрымалі на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы. Адразу пасля вызвалення мужчына захварэў на кавід у вельмі цяжкай форме — да складанай пнеўманіі. У лякарні ён прабыў з студзеня па сярэдзіну траўня.

2 чэрвеня яго папярэдзілі, што суд над ім адбудзецца заўтра, але палітвязень папрасіў выклікаць яго загадзя праз позву. Суддзя замест гэтага абвясціла абвінавачанага ў вышук. У выніку, мужчына месяц утрымліваўся пад вартай, хоць сам артыкул не прадугледжвае пазбаўлення волі.