Праваабаронцам стала вядома, што гарадзенскага журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына, якога ў пазамінулую пятніцу змясцілі ў карцар на 7 содняў за чарговае «парушэнне правілаў унутранага распарадку», праз тыдзень з яго ўсё ж не выпусцілі, то бок прызначылі дадатковыя содні «пакарання». За што ён патрапіў у “няміласць” да адміністрацыі ПУ «Турма №1» гэтым разам, невядома, як і нагода для папярэдняга «пакарання».

У камэнтары праваабаронцам жонка Івашына Вольга выказала меркаванне, што гэта можа быць або спробай псіхалагічнага ціску на журналіста з незразумелай мэтай, або помстай за яе штодзённыя пасты, у якіх перыядычна згадваюцца ў тым ліку і супрацоўнікі гарадзенскай турмы ў даволі негатыўным кантэксце. Яна лічыць такія паводзіны абсалютна характэрнымі для служак сістэмы, аднак неэфектыўнымі ў дачыненні як да Дзяніса, так і да яе самой. Ані Дзяніс Івашын не пахіснецца ў сваёй пазіцыі і поглядах, ані Вольга Івашына не перастане пісаць праўду пра мужа і пра ўсё, што вакол яго адбываецца падчас палону.

Колькі содняў карцару дадалі палітвязню ў якасці «пакарання», таксама невядома, сваякі Івашына будуць спрабаваць даведацца гэта, рыхтуючы перадачы палітвязню.