
Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна пераводзяць у турму на 1,5 года.
Па інфармацыі праваабаронцаў, суддзя Івацэвіцкага раёна
11 лістапада пастанавіў перавесці Алеся Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. Пакуль невядома ў якой турме мастак будзе адбываць тэрмін.
Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года. Яго звінавацілі паводле двух крымінальных артыкулаў: распальванне варожасці і здзек з дзяржаўных сімвалаў. Сёлета 30 сакавіка Пушкіна засудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Ён адбываў пакаранне ў калоніі ў Івацэвічах, вядомай як “Воўчыя норы”.
Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў, прызнаўшы вінаватым у “наўмысных дзеяннях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб” і “здзеку з дзяржаўных сімвалаў”. Нагодай стаў партрэт антысавецкага партызана Яўгена Жыхара, які Пушкін выставіў у Гародні, і перформанс, які ён правёў у Кіеве.