Прадстаўнік непрызнаванага ўладамі ў Менску Саюза палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі паведаміў на сваёй старонцы у Facebook, што ў яго калег у Гародні праходзіць вобшук.

Пачата новая крымінальная справа за дзейнасць арганізацыі „Klerigata”, на базе якой працаваў аддзел Саюзу палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Барыс.

— Чарговы ўдар па Саюзу палякаў у Беларусі. Пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да прадстаўнікоў польскіх меншасцяў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Артыкул 193. У дадзены момант ідуць ператрусы ў кватэрах у старшыні Рады СПБ Ірэны Валюсь і віцэ-прэзідэнта Рэнаты Дземянчук. Тэлефоны актывістаў не адказваюць, — напісаў Занеўскі.

Нагадаем, старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс зараз пад падпіскай аб нявыездзе, актывіст і журналіст Анджэй Пачобут ужо 20 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА. Борыс і Пачобут прызнаныя палітычнымі вязнямі.