14 лістапада ў Гарадзенскім раённым судзе (вул. Гаспадарчая, 4) а 10:30 пачнецца паседжанне ў справе Алесі Буневіч.
Прысуд чакаецца ў чацвер 17 лістапада.

Алеся Буневіч — дырэктарка віленскай друкарні, была затрымана 4 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы пасля таго, як прыехала з Літвы ў Беларусь на гадавіну смерці маці. Сама яна з Маладэчна.

Алесю Буневіч спачатку звінавацілі ў “здзяйсненні акту тэрарызму групай асоб па папярэдняй змове” (ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса) у межах справы “рэйкавых партызанаў”. У прапагандысцкім фільме на БТ паказалі кавалак допыту Алесі, дзе яна распавядала, як купляла літоўскія сім-карты за некалькі дзён да паездкі ў Беларусь, паказвала, дзе хавала іх на тэрыторыі краіны, пра тое, як усё здымала на відэа, каб пераслаць свайму “куратару” ў Літве. А таксама, што павінна была “адправіць” маладых людзей, калі яны пад’едуць да мяжы.

У канцы жніўня 2022 г. палітзняволеную перавялі з магілёўскага СІЗА ў Турму № 1 Гародні.

Канчаткова Алесі выставілі абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 371 КК (наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, здзейсненае арганізаванай групай).