У Гарадзенскім раённым судзе 18 лістапада абвесцілі прысуд палітзняволенай Алесі Буневіч — тры з паловай гады калоніі. Яе засудзілі ў закрытым рэжыме паводле ч. 3 арт. 371 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, здзейсненае арганізаванай групай). Вядома, што сваёй віны яна не прызнала. Прысуд вынес суддзя Дзмітрый Грышын.

Алеся Буневіч — дырэктарка віленскай друкарні, затрыманая 4 красавіка ў межах крымінальнай справы пасля таго, як яна прыехала з Літвы ў Беларусь на гадавіну смерці маці.

Алесю Буневіч спачатку звінавацілі ў “здзяйсненні акту тэрарызму групай асоб па папярэдняй змове” (ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса) у межах справы “рэйкавых партызанаў”. У прапагандысцкім фільме на БТ паказалі кавалак допыту Алесі, дзе яна распавядала, як купляла літоўскія сім-карты за некалькі дзён да паездкі ў Беларусь, паказвала, дзе хавала іх на тэрыторыі краіны, пра тое, як усё здымала на відэа, каб пераслаць свайму “куратару” ў Літве. А таксама, што павінна была “адправіць” маладых людзей, калі яны пад’едуць да мяжы. Але канчаткова ёй выставілі абвінавачванне па ч. 3 арт. 371 КК – наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, здзейсненае арганізаванай групай.

Падтрымайце Алесю лістамі, грашовымі пераводамі, пасылкамі: Турма № 1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Алеся Анатольеўна Буневіч