
Палітзняволены праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч (https://prisoners.spring96.org/be/person/valjancin-stefanovicz) напісаў ліст з-за кратаў у адказ на дасланыя неабыякавымі людьмі фотаздымкі з вандровак па Беларусі.
«Дзякуй вялікі за цудоўныя фоты! Я таксама вельмі люблю вандраваць па Беларусі і пры любой нагодзе стараўся наведваць розныя цікавыя мясціны. Асабліва з дзеткамі любіў вандраваць.
Наваградак і наваградчына мне таксама вельмі падабаюцца. Апошні раз я наведваў Наваградак у 2018 годзе разам з дзвюма сваімі французскімі каляжанкамі. Там мы абсалютна выпадкова наведалі ў тым ліку і музей Халакоста, які мае вельмі цікавую гісторыю. Музей быў пабудаваны на грошы Фонда Кушнер. Гэта бабуля зяця Дональда Трампа. Яна была вязнем гета ў Навагрудку і ёй разам з яшчэ больш сотні вязняў пашанцавала збегчы адтуль праз выкапаны падкоп. Яны пазней далучыліся да габрэйскага партызанскага атраду братоў Бельскіх. Вось такі там існуе цікавы музей, сумны, канешне, бо ён пра жахлівыя старонкі нашай гісторыі. А яшчэ, вядома, я паказаў ім і іншыя помнікі архітэктуры, якімі такі багаты наш Наваградак – першая наша сталіца».
Падтрымайце Валянціна лістамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі:
СІЗА-1, Валадарскага, 2, Мінск, 220030
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу