Удзельнік патрыятычнага падполля 1946-47 гадоў у Заходняй Беларусі, вязень савецкіх турмаў і канцлягероў Міхась Ракевіч нарадзіўся 19 лістапада 1927 году ў вёсцы Ваўчкі (Слонімскі р-н).

У дзяцінстве вялікі ўплыў на яго мелі аповеды бацькі пра Амерыку, дзе той быў на заробках. Дзядзька Мікола быў студэнтам Варшаўскага ўніверсітэту. Міхась Ракевіч вучыўся ў Азярніцы і Слоніме. Да 1944 году скончыў тры курсы Слонімскай настаўніцкай семінарыі. У 1945 годзе паступіў у Брэсцкі чыгуначны тэхнікум.

Пасля Другой сусветнай вайны прышлы люд з усходу пад выглядам вызваліцеляў пачаў таптаць сваім чужацкім ботам нашы святыні: мову, культуру, нацыянальныя каштоўнасці. Выхаваны ў атмасферы шчырасці і павагі да людзей, юны Міхась Ракевіч балюча перажываў усё гэта. Таму ён адразу знайшоў сваё месца ў патрыятычнай падпольнай арганізацыі “Чайка”, якая ўзнікла на Слонімшчыне вясной 1946 года. У Берасцейскім чыгуначным тэхнікуме ён стварыў падпольную групу, а ў арганізацыі “Чайка” быў па сутнасці правай рукой кіраўніка падпольнай арганізацыі Васіля Супруна. Арганізацыя “Чайка” за адзін год існавання стварыла падпольныя групы, акрамя Слоніма, яны ўзніклі ў Баранавічах, Берасці, Ганцавічах, Пінскай і Маладзечынскай абласцях. Барацьба за свабоду і незалежнасць Беларусі была няроўнай, але нішто не магло спыніць гарачыя сэрцы патрыётаў Васіля Супруна, Міхася Ракевіча, Аляксандра Гардзейку, Уладзіміра Салаўя і многіх іншых. У чэрвені 1947 года пачаліся арышты.

Міхасю Ракевічу нават не далі да канца прайсці пракос на лузе каля бацькоўскай хаты. У хаце ператрэслі ўсё дагары нагамі, забралі фотакарткі і розныя паперы. Пацяклі бясконцыя ночы ў Баранавіцкай следчай турме “Крывое кола” і ў Менскай турме-“амерыканцы”. Прысуд быў суровы: 25 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў высылкі.

Далей жыццёвы шлях Міхася Ракевіча ляжаў у Паўночную Інту і Варкуту. У сырых загазаваных шахтах здабываў вугаль да 1956 года. Але і пасля вызвалення з турмы вымушаны быў застацца працаваць у шахтах Інты. Спрабаваў некалькі разоў уладкавацца на работу ў шахцёрскім Салігорску, але заўсёды атрымліваў адмоўны адказ. Патрыёту Беларусі дазвалялася працаваць толькі ў паўночных раёнах Расеі. Так і дажыў да пенсіі ў Інце.

Ніколі не парываў Міхась Ракевіч кроўнай сувязі з сябрамі ў роднай Беларусі. 3 вялікай асалодай чытаў беларускія газеты і часопісы, якія рэгулярна выпісваў. Змог вярнуцца ў родны Слонім толькі ў канцы 1980-х гадоў ужо зусім хворым чалавекам.

Не стала Міхася Ракевіча напачатку сакавіка 1992 года. Знайшоў ён свой вечны спакой на могілках у вёсцы Клепачы Слонімскага раёна. Праводзілі яго ў апошні шлях амаль што ўсе жыхары з вёсак Ваўчкі і Клепачы.