
У Беларусі забаранілі жыць…Беларусі. І клянуся шаноўным чытачам, што перад тым, як напісаць гэтыя радкі, я не выпіў ні кілішка моцнага алкаголю, ні нават фужэра лёгкага віна. Насамрэч у Беларусі юрыдычна забаранілі словазлучэнне, вітальны і патрыятычны выклік «Жыве Беларусь!». Яго прызналі ні больш, ні менш нацысцкім вітаннем. Такі заклік цяпер будзе лічыцца прапагандай нацызму і карацца жорстка адпаведна артыкулу крымінальнага кодэксу. Праўда, з адным нібыта дадаткам – пры ўзнятай адначасна ўгару правай руцэ.
Гэта пры тым, што раней, яшчэ задоўга да «рэвалюцыйнага» і знакавага 2020 года было нямала выпадкаў, калі людзей судзілі і каралі надзвычай абсурдна. Так у сталічным Мінску неяк засудзілі затрыманага нямога чалавека, які гучна на мітынгу апазіцыі выкрыкваў антыўрадавыя лозунгі. А ў Гродне не вагаючыся аштрафавалі аднарукага мужчыну за тое, што ён гучна пляскаў у далоні ў час вулічнай дэманстрацыі. Асабіста мне давялося быць на судовым працэсе, дзе чалавека засудзілі да вялікага штрафу за іншага, проста таму, што ён знешне быў падобны да яго. Пры разглядзе скаргі пакаранага ў судзе вышэйшай інстанцыі ў мужчыны былі ўсе доказы, што ў той дзень і гадзіну ён не прысутнічаў на грамадскай акцыі, быў зусім у іншым горадзе, але суддзя такія «дробязі» палічыў ня вартымі сваёй увагі і прызнаў слушнасць і правільнасць штрафу. Тым больш, што той малады чалавек ранейшымі гадамі ўдзельнічаў у падобных грамадскіх акцыях. Усё як у класічнай камедыйнай стужцы Юліюша Махульскага – «Вас, Квінта, можна затрымліваць толькі за прозвішча!». Той, хто ніколі не быў у Беларусі апошніх дваццаці гадоў, можа не паверыць у праўдзівасць гэтых гісторый, бо нават трызнення літаратара мала, каб уявіць такое. Але рэальнасць часам пераўзыходзіць мастацкія фантазіі.
Згаданыя выпадкі юрыдычнага абсурду адбываліся яшчэ ў параўнальна «вегетарыянскія» часы, тады, калі ўсіх запар затрыманых яшчэ так жорстка не збівалі, не катавалі сістэмна і масава ў турмах, а колькасць палітычных вязняў ішла на адзінкі-дзясяткі, але не на тысячы як зараз. Так што прымяненне новай змены ў «закон» будзе адпаведным і крэатыўным. Рэальна ніхто не будзе разбірацца, ускідваў нехта пры воклічы «Жыве Беларусь!» правую руку ці не. Будуць хапаць і садзіць і за тое, што пашавяліў левай рукой ці правай нагой, узняў угару вочы, прашаптаў гэты лозунг ці нават падумаў пра яго. Тым больш, што навукоўцы ўжо амаль даказалі, што думкі таксама матэрыяльныя.
Цікава, што пасля забароны гэтага купалаўскага радка «Жыве Беларусь» у сеціве адшукаўся архіўны відэазапіс пачатку 1990-ых на якім выступае паэт Рыгор Барадулін і ў канцы прамовы выгуквае гэтыя словы – далей паказана зала, дзе нібыта шчыра пляскае ў аладкі ні хто іншы як Аляксандр Рыгоравіч, тады яшчэ дэпутат Вярхоўнага Савету.
Нашы айчынныя ліцвіны-фундаменталісты, якім так замінае паспяхова адраджацца назва «Беларусь», таксама могуць асабліва не цешыцца такой забароне. Хоць бы таму, што і лозунг «Гэй, ліцвіны – Бог нам радзіць!» неўзабаве таксама можа апынуцца па-за законам. Як і сам Госпад, якога патроху таксама прыціскае той, пра якога адзін абласны начальнік неяк сказаў, што ён вышэй за Бога. Ужо ж забаранілі маліцца і ў знакамітым Чырвоным касцёле Мінску і пад тым касцёлам. Бо маліцца трэба правільна, толькі тады і там, дзе вызначыць міністэрства ўнутраных спраў. Усё ў Беларусі, што скіравана не на падтрымку дзяржаўных структур, павінна быць забаронена, выпалена, вынішчана пад корань. Тут самы час скарыстаць багаты досвед Мураўёва-вешальніка і энкавэдыста Цанавы. Ну і саромецца ўжо няма чаго. Трэба быць паслядоўнымі і забараніць не толькі словалучэнне «Жыве Беларусь!», але і нейкі крамольны дзеяслоў «жыць» і назву «Беларусь», ну і заадно клічны знак, пытальны знак. Знакі павінны заставацца толькі дарожныя. А дарога правільнай – курс на Северо-Западный край.
Уладзімір Хільмановіч