
Дзяржпагранкамітэт патлумачыў, ці можна зімой перасякаць мяжу на роварах. Рабіць гэта можна, але не пры кожным надвор’і: згодна з правіламі дарожнага руху, у снегапад або галалёдзіцу прыйдзецца шукаць іншы транспарт.
ПДР забараняюць раварыстам рухацца па праезнай частцы дарогі і ўзбочыне ва ўмовах снегападу або галалёдзіцы (п.п. 153.4 п. 153 гл. 20). Гэтыя абмежаванні распаўсюджваюцца і на пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, патлумачылі ў ведамстве.
Пры гэтым пра поўную забароне на перасячэнне мяжы на ровары гаворка не ідзе — у адрозненне ад «сродкаў персанальнай мабільнасці», гэта значыць электрасамакатаў і сегвееў.
З 27 кастрычніка Дзяржпагранкамітэт Беларусі забараніў перасякаць мяжу ў аўтадарожных пунктах пропуску на электрасамакатах, сегвеях, гіраскутарах і падобных прыладах, якія не з’яўляюцца транспартнымі сродкамі, а іх уладальнікі прыраўноўваюцца да пешаходаў. Што тычыцца ровараў, то на іх можна перасячы мяжу без чэргаў у дзевяці пунктах.
НН