Смерць Вітольда Ашурка вельмі ўзрушыла шклоўскую калонію. Усе ведалі, што да яго гібелі прыклаў руку начальнік рэжымнага аддзела Сяргей Карчэўскі.

Адміністрацыя калоніі сцвярджала, што гэта адбылося выпадкова. Па словах ананімнага суразмоўцы Беларускага Радыё Рацыя, ні гаварыць, ні пісаць пра смерць Ашурка было нельга, інакш траплялі ў ШІЗА:

-Сяргей Карчэўскі накачаны, здаровы, як спартовец, лысы. Так, сапраўды, ён прымяняў сілу. Усе зняволеныя ведалі, што Карчэўскі прыклаў да гэтага руку. Былі такія размовы, што ў яго ўжо былі такія праблемы, што ён збіваў вязняў, таму яго і перавялі ў гэтую калонію. У яго ёсць там нейкія сувязі ў дэпартаменце, таму яго не звольнілі, а перавялі.

Па словах ананімнага суразмоўцы, месцы зняволення ў Беларусі створаны для здзекаў і пакутаў, для ператварэння чалавека ў раба, для памнажэння зла. А “палітычныя” яшчэ больш пачынаюць ненавідзець злачынны рэжым.