Дырэктара маёнтка «Падароск» Юрыя Меляшкевіча затрымалі ў канцы кастрычніка. Разам з камандай яны аднаўлялі старажытную шляхецкую сядзібу апошнія 9 год. Што цяпер з самым маёнткам?

Кіраўніка Юрыя Меляшкевіча і фінансавага дырэктара ПТУП «Маёнтак Падароск» Дзмітрыя Карабача затрымалі па падазрэнні ў нясплаце падаткаў (арт. 243 КК). Таксама іх падазраюць у нясплаце страхавых унёскаў з заробкаў работнікаў амаль на 400 000 рублёў. На старонцы прадпрыемства паведамілі, што гэта поўная хлусня.

«Гэта справа абсалютна палітычна матываваная, — кажа крыніца, знаёмая з сітуацыяй. — Да падзей 2020-га «Маёнтак Падароск» працаваў добра, адносіны з уладамі былі нармальныя, прэтэнзій, у тым ліку эканамічных, не ўзнікала. З 2020-га стала зразумела, што калі-небудзь лёс рэпрэсій напаткае і «Маёнтак Падароск».

Ініцыятыва збіралася ствараць музей беларускай шляхты, часовая экспазіцыя ўжо працавала. У маёнтку для наведвання было адкрыта 14 пакояў.

Цяпер рахункі прадпрыемства заблакаваныя, маёмасць апісаная. Маёнтак па сутнасці зачынены, даглядаць няма каму.

«Мяркуючы па аналагічных справах у Беларусі, а іх дзясяткі, канечне, выстаўленне эканамічных абвінавачванняў робіцца для таго, каб ліквідаваць фірму. Выставіць ёй такую вялікую суму, якую яна не зможа пагасіць, і за кошт гэтага адабраць «Маёнтак Падароск», — лічыць крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
Пры пераходзе сядзібы пад дзяржаўнае крыло наўрад ці варта чакаць яе аднаўлення.
«Калі рэжым пратрымаецца яшчэ некалькі гадоў, то зноў комплекс будзе ў дрэнным стане, бо асабліва цяпер ва ўладаў няма грошай на развіццё турызму, падтрыманне сядзібы ў добрым стане».
НН