Глыбокі крызіс правоў чалавека ў Беларусі ўдарыў па ўсіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця — на працягу гэтага месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян паводле палітычных матываў;
У месцах няволі з прысудамі судоў на 30 лістапада знаходзіліся 1 447 палітвязняў, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 139 чалавек;
Вядома пра мінімум 206 асуджаных;
Па-ранейшаму фіксуюцца факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў;
Пералік асобаў, датычных да экстрэмізму, за мінулы месяц павялічыўся больш як на 600 пазіцый, спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўніўся на амаль 80 адзінак інфармацыйнай прадукцыі, працягвае расці і спіс экстрэмісцкіх фармаванняў.

У следчым ізалятары паводле новых адвольных абвінавачванняў працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ “Вясна”: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч. Каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк, асуджаныя да 15 і 6 гадоў зняволення адпаведна, чакаюць апеляцыйнага перагляду крымінальнай справы; сябра ПЦ “Вясна”, кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны да трох гадоў і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі;

працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у лістападзе 2022 года “Вясне” стала вядома пра 206 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. 31 чалавек быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу, 95 — да адміністрацыйнага арышту;

https://spring96.org/