
Паседжанне на заключэнні перамір’я ў Солах, 21лістапада 1917 г.
105 гадоў таму ў мястэчку Солы (цяперашні Смаргонскі раён) у час Першай сусветнай вайны было падпісанае перамір’е паміж кайзераўскай Германіяй і ўжо Ленінскай Расеяй.
Расейская армія, змучаная вайной і вялікімі стратамі, ужо не магла ваяваць. Не былі вырашаны пытанні забеспячэння харчаваннем, абмундзіраваннем і правіянтам. Пасля Крэўскай аперацыі ў ліпені 1917 года актыўных баявых дзеянняў на Заходнім фронце больш не было. У расейскіх акопах праходзілі мітынгі. Пачаліся братанні з германцамі. Становішча на Заходнім фронце было такое, што салдаты на сходах не хацелі слухаць нават бальшавіцкіх выступоўцаў.
Усяго ў перамовах узялі ўдзел 36 чалавек, па роўнай колькасці з абодвух бакоў.
Дамова пра часовае перамір’е па ўсім Заходнім фронце была падпісаная ў будынку недалёка ад сённяшняй чыгуначнай станцыі Солы. Гэты будынак не захаваўся. Па ўступленні дамовы ў сілу з 12 гадзін 6 снежня 1917 года да 12 гадзін 6 лютага 1918 года на лініі фронту ад мястэчка Відзы да ракі Прыпяці неадкладна спыняліся ўсе баявыя дзеянні. Германскі і расейскі бок абавязаліся не праводзіць ніякіх падрыхтоўчых да наступу работ, буйных перасоўванняў войскаў з аднаго фронту на другі.