
Адвакаты Дзмітрый Дзятчык і Аляксандр Бірылаў з Гродна праходзілі чарговую атэстацыю кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці. Яна прайшла 1 снежня. Па яе выніках Дзятчык «адпавядае патрабаванням заканадаўства», а Бірылаву прызначылі чарговую адтэрміноўку атэстацыі.
Аляксандр Бірылаў даўно вядомы ў Гародні як абаронца правоў журналістаў і пераследаваных па палітычных матывах грамадзянаў. Безліч рэпрэсаваных за апошнія гады прадстаўнікоў незалежнай прэсы і звычайныя грамадзяне ўдзячныя яму за прававую і, часам, нават своеасаблівую псіхалагічную дапамогу.
Па выніках атэстацыі кваліфікацыйная камісія прыняла рашэнне аб няпоўнай адпаведнасці патрабаванням адваката Аляксандра Бірылава. Яму далі адтэрміноўку атэстацыі на шэсць месяцаў пры ўмове выканання рэкамендацый кваліфікацыйнай камісіі, у тым ліку аб праходжанні адвакатам падвышэння кваліфікацыі.
Аляксандр Бірылаў ужо праходзіў атэстацыю ў лістападзе 2021 году і траўні 2022 году лістаабодва разы яму давалі такую ж адтэрміноўку. Ён працуе ў адвакатуры больш за 26 гадоў. Ён працуе ў юрыдычнай кансультацыі Кастрычніцкага раёна Гародні.
Апошнім часам Бірылаў абараняе палітвязня журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута, журналіста і дзеяча Паўла Мажэйку. Таксама ён абараняў у судах палітвязняў Ігара Банцэра і Сяргея Рымшу, рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту, айцішніка Уладзіміра Родчанку, журналіста Дзяніса Івашына і многіх іншых вядомых людзей.