
Мастака Івана Вярбіцкага будуць судзіць за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі
56-гадовы Іван Вярбіцкі (https://prisoners.spring96.org/be/person/ivan-viarbicki) — мастак з Гальшанаў, мае дзве вышэйшыя адукацыі. Палітвязня абвінавацілі (https://spring96.org/be/news/102402) адразу па некалькіх крымінальных артыкулах: падбухторванне да акта тэрарызму, незаконныя набыццё, захоўванне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама знішчэнне афіцыйных дакументаў. 15 сакавіка Івана Вярбіцкага асудзілі да 8 гадоў і 1 месяца калоніі.
Вядома, што ў папраўчай калоніі на зняволенага гальшанца аказваўся ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ. У верасні 2021 палітвязню ўзмацнілі пакаранне і этапавалі ў магілёўскую турму №4.
Стала вядома, што 19 снежня ў Ленінскім судзе Магілёва яго будуць судзіць па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя — Таццяна Касцюк.
Іван у адказ на лісты салідарнасці дасылае свае малюнкі. Падтрымаць яго: Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Вярбіцкаму Івану Францавічу