Сваякі гарадзенскага журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына паведамілі праваабаронцам, што Вярхоўны Суд 20 снежня разгледзець апеляцыйную скаргу на «прысуд», абвешчаны ў будынку Гарадзенскага абласнога суда 14 верасня. Ані Дзяніс, ані яго сваякі не чакаюць ад служак рэжыма Лукашэнкі ніякіх «цудаў», бо ўпэўненыя ў поўным прававым дэфолце сістэмы, створанай дзяржаўнымі злачынцамі. Таму родныя рыхтуюцца да пераводу журналіста ў адну з «папраўчых» калоніяў пасля набыцця «прысудам» «юрыдычнай» моцы.

На сёння Івашын фізічна і псіхалагічна адчувае сябе добра, атрымаў 3 лісты ад жонкі і бацькоў, і яны ад яго таксама атрымалі пасланні. Ліст да Вольгі Івашынай Дзяніс напісаў пасля выхаду з карцара 14 лістапада, але атрымала яго яна толькі ў сярэдзіне снежня, то бок амаль праз месяц. Ліст да маці Людмілы Івашынай-Добінай датаваны 30 лістапада, значыцца да адрасаткі ён ішоў амаль два тыдні.

Сама Вольга Івашына 8 снежня патрапіла на перадкалядную сустрэчу прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды з беларускай дыяспарай. Як потым Вольга напісала ў сацсетках, ёй «прыемна было чуць словы падтрымкі, спачування і салідарнасці» з беларускім народам. Прэзідэнт таксама адзначыў у сваёй прамове, што кожны вымушаны ўцякач з Беларусі і любы беларус могуць адчуваць Польшчу сваім другім домам. Палякі добра разумеюць сітуацыю ў Беларусі, бо ў свой час таксама прайшлі змаганне за вызваленне з-пад акупацыі і за незалежнасць роднага краю. Анджэй Дуда ўпэўнены, што гэтая вайна скончыцца перамогай Беларусі, што сапраўдныя беларусы ніколі не пагодзяцца з расейскай акупацыяй.

А ў жыцці палітвязняў у Беларусі пазітыўных зменаў пакуль не назіраецца, Як зазначае Вольга Івашына, да яе мужа Дзяніса адвакат часам не можа патрапіць цэлымі тыднямі. Такое здараецца таксама і з іншымі палітзняволенымі. Усё гэта сведчыць, лічыць Вольга, што канвеер рэпрэсіяў не толькі не спыняецца, але нават не запавольваецца ні на секунду.