Палітзняволены намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч (https://prisoners.spring96.org/be/person/valjancin-stefanovicz) даслаў ліст з СІЗА-1, дзе ўтрымліваецца ўжо больш за 17 месяцаў. У ім праваабаронца распавёў, што ведае пра пратэсты ў Іране з газет:

«Ведаю, што ад верасня там не сціхаюць антыўрадавыя дэманстрацыі з патрабаваннямі ліквідацыі паліцыі нораваў і забаронаў выхаду ў публічныя месцы без хіджабаў. Не так даўна паліцыю нораваў распусцілі, урад быў вымушаны пайсці на пэўныя саступкі. Грамадства там відавочна стамілася ад улады рэлігійных фанатыкаў, стражаў ісламскай рэвалюцыі і Аяжалы. Іран да 1979 года быў абсалютна свецкай дзяржавай: на вуліцах Тэгерана можна было выпіць віна ў кавярні, а дзяўчына насілі міні-спадніцы, а не хіджабы. У 1979 годзе адбылася ісламская рэвалюцыя, якая звергла празаходні рэжым і ўсталявала ў краіне ісламісцкую, заснаваную на законах Шарыята, дыктатуру. Іран — лідар у свеце па колькасці смяротных прысуд».

Таксама Валянцін Стэфановіч падзяліўся інфармацыяй пра рух крымінальнай справы супраць яго, Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Лабковіча:

«У мяне ўсё больш-менш добра. Настрой нармальны, чакаю дату суда. 29-га [лістапада – заўв.] справа была перададзеная ў Менгарсуд для вызначэння падсуднасці, г. зн. суд будзе ў адным з раённых судоў Менска. Па тэрмінах, думаю, што суд пачнецца ў другой палове студзеня — пачатку лютага. Судзіць будуць доўга, да вясны. Прысуд «Вясне» вясной — гэта сімвалічна )): З улікам апеляцыйнай скаргі ў мяне будзе тры гады ўжо адбытага пазбаўлення волі. Тут зараз акцыя — адсядзі ў СІЗА два гады і атрымай адзін год у падарунак. Гэта я прыдумаў.
Так, што ў лагер я паеду ўжо летам — можа ў жніўні ці нават верасні. Выдадуць мне там робу і буду я паўнавартасным зэкам».

💌Падтрымайце Валянціна лістамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі:
СІЗА-1, Валадарскага, 2, Мінск, 220030
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу