
Брыгады хуткай медыцынскай дапамогі ў Гародне з 15 снежня аснашчаны пераноснымі відэарэгістратарамі, як у міліцыянтаў. Зараз уся праца супрацоўнікаў, уключаючы момант аказання дапамогі, будзе запісвацца на відэа. Пра гэта ў stories у Instagram распавёў былы супрацоўнік гродзенскай «хуткай» Фёдар Сумкін.
«Аргументавана гэта тым, каб прыбраць моманты агрэсіі пацыента на выкліках пры аказанні меддапамогі, каб было відэапацвярджэнне. Як па мне, гэта люцейшая дзіч і гестапа поўнае. Таму што цяпер начальства можа паглядзець відэазапіс, ацаніць тваю працу, паслухаць, пра што ты „базарыў“ увесь час. І гэта ГУЛАГ», — лічыць Фёдар.
Ён размясціў у відэа фота інструкцыі. У дакуменце напісана, што відэарэгістратар трэба насіць заўсёды уключаным. Запісы будуць захоўвацца ў начальства пэўны час і прадастаўляцца па запыце адпаведных органаў. Выключыць рэгістратар можна толькі калі пацыент настойліва просіць зрабіць гэта.
Фёдар раіць былым калегам сачыць за размовамі і паўтараць алгарытмы аказання дапамогі. Ён мяркуе, што з-за відэазапісаў начальства зможа знайсці дадатковую нагоду пакараць медыкаў.
На яго думку, замест рэгістратараў грошы варта было выдаткаваць на іншыя рэчы — абнавіць дэфібрылятар, купіць маніторы.
А як жа медыцынская таямніца?
У траўмапункце бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Гродна кабінеце ў лекара ёсць відэакамера, распавёў Фёдар. У Польшчы ён з такім не сутыкаўся — лекар гутарыць з пацыентам сам-насам. Нават супрацоўнікі міліцыі, прывозячы чалавека ў бальніцу, выключаюць відэарэгістратар. Бальніца ў Польшчы — не месца для здымкі.
hrodna.life