Дзяніс Івашын пасля апеляцыі сустрэўся з маці. У спатканні з айчымам яму адмовілі

Так званы Вярхоўны Суд у асобе Цяцюхіна А.Л. 20 снежня пакінуў без зменаў «прысуд», абвешчаны Валерыем Раманоўскім у будынку Гарадзенскага аблсуда ў дачыненні гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына. Нагадаем, што палітвязьня «асудзілі» на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама прысудзілі «штраф» 4800 беларускіх рублёў і сплату «маральнай кампенсацыі» дзяржаўным злачынцам і здраднікам прысязе ўкраінскаму народу – 9 былым супрацоўнікам расфармаванага спецназа «Беркут» – па 2000 беларускіх рублёў.

Сёння стала вядома, што пасля апеляцыі Цяцюхін задаволіў заяву Людмілы Івашынай-Добінай на спатканне з сынам, аднак не прыняў такую ж заяву ад айчыма Дзяніса. То бок гэтым разам журналіст змог сустрэцца толькі з маці. Сваякі Івашына лічаць гэтае рашэнне асабістым матывам як Цяцюхіна, так і ўсёй сістэмы рэжыма ўнутранай акупацыі і жаданнем нашкодзіць палітвязню хаця б у нейкі дадатковы спосаб.

Сам журналіст, паводле сведчання маці пасля спаткання, адчувае сябе фізічна і псіхалагічна даволі добра, захоўвае аптымізм і веру ў хуткую сустрэчу з усімі роднымі.