
Калегі Насты Лойкі з праваабарончай арганізацыі Human Constanta адказалі на абвінавачванні ў “шпіянажы”. У гэтым іх абвінаваціла аўтар артыкула, апублікаванага на рэсурсе “Беларусь сегодня”. Матэрыял выдання называўся “Шпіёнскую сетку пад выглядам валанцёраў-праваабаронцаў раскрылі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС”. У папрок затрыманай Лойкі ставілася вучоба ў замежжы, у тым ліку ступень магістра, атрыманая ў ЕГУ, а таксама дапамога ўдзельнікам пратэстаў з аплатай адвакатаў і штрафаў.
Калегі Насты Лойкі з Human Constanta нагадваюць, што з самага свайго заснавання іх праваабарончая арганізацыя “ажыццяўляла дзейнасць выключна мірнага і праваабарончага характару”. Яны падкрэсліваюць, што такая дзейнасць з’яўляецца правамернай і гарантаваная праваабаронцам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека.
“У сувязі з гэтым, лічым, што ўсе абвінавачванні, якія прыводзяцца ў артыкуле, з’яўляюцца неабгрунтаванымі”, гаворыцца ў заяве Human Constanta. Праваабаронцы таксама адзначылі, што маюць намер і далей адстойваць правы чалавека, а таксама патрабаваць спыніць усе спробы ціску на беларускіх праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці.
Насту Лойку затрымалі ў канцы кастрычніка. З тых часоў на волю яна не выйшла – яе ўжо некалькі разоў арыштоўвалі ў рамках адміністрацыйных працэсаў.