Касцёл у Солах

Антыпольская рыторыка і псіхоз дзяржаўных рупараў прапаганды распаўсюджваюцца таксама і на Рымска-Каталіцкую Царкву, якую яны лічаць «агенткай Польшчы», а можа і ўсяго NATO адразу на тэрыторыі Беларусі. Замова на антыпольскія прапагандысцкія артыкулы і відэасюжэты ідзе, так бы мовіць, з самага верху, і ўкладаецца ў супольную з расейскай акцыю мілітарызацыі грамадства, стварэння вобраза знешняга ворага, якія мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Беларусі і Расеі. І для стварэння гэтага вобразу прапагандысты не грэбуюць нічым, і аб’ект нападак таксама могуць выбраць любы.

Гэтым разам Ксенія Лебедзева для сваёй аўтарскай праграмы выкарыстала рыма-каталіцкую парафію ў Солах і яе параха ксяндза Леанарда Станкоўскага. Сюжэт быў прысвечаны нібы фінансавым махінацыям кс. Леанарда, кепскім адносінам яго з мясцовымі парафіянамі, а таксама фрэсцы «Цуд над Віслай» у храме. Прычым для свайго фільма прапагандыстка нават здымала відэа на схаваную відэа-камеру, не папярэдзіўшы кс. Леанарда пра здымкі, чым акурат парушыла тыя правілы і законы, якімі Лебедзева прыкрывалася ў якасці апраўдання для сюжэту.

Таксама выклікае вялікае пытанне адзін з суразмоўцаў Лебедзевай, які зачытвае «свае» меркаванні і ўспаміны з паперкі. А кс. Леанард наагул выказаўся пра тое, што гэты чалавек мае нейкія псіхалагічныя праблемы, а можа нават псіхічнае захворванне. Як парах невялікай местачковай парафіі, дзе згаданы чалавек нібы з’яўляецца парафіянінам, кс. Леанард можа ведаць фізічны і псіхалагічны стан парафіянаў. Ён іх як мінімум бачыць у храме на багаслужбах і спавядае ў канфесіянале. А вось прапагандыстка адэкватнасць свайго суразмоўцы даказаць не можа, затое безапеляцыйна заяўляе пра яго праўдзівасьць. Але, скажам словамі самой Лебедзевай, напэўна «гэта іншае».

Тое ж самае можна сказаць і пра двух іншых парафіянак (ці сапраўды яны імі ёсць, мы не ведаем), якія на камеру прапагандысткі крытыкуюць кс. Леанарда за нібы прысвойванне грошай на рамонт даху царквы, непрыемныя для слыху парафіянаў казанні і бязмежнае самаўладзе параха, які нібы не баіцца нават свайго царкоўнага кіраўніцтва. Па-першае, падобных парафіянаў можна знайсці ў кожнай парафіі без выключэння, бо ўсім святар падабацца не можа, больш за тое, ён не павінен казаць ліслівыя словы, а мусіць дбаць пра маральны дух паствы. А ўжо за што не любіць і чым падмацоўваць сваю нелюбоў да ксяндза кожны парафіянін пры жаданні знойдзе ў вялікай колькасці. А як не знойдзе, то выдумае для сябе і атачэння. Па-другое, сам кс. Леанард тлумачыць будаўнічыя праблемы падчас размовы з прапагандысткай, якую, паўторым, яна запісала без папярэджання і схавана. Дакладна чутно, што праблемы пачынаюцца яшчэ на этапе планавання рэканструкцыі ці рамонта, што можа пацвердзіць кожны чалавек у Беларусі, які нешта будаваў ці рэканструяваў. Да таго ж, мы чуем толькі некалькі фраз, змантаваную прапагандыстамі частку размовы. Меркаваць пра сапраўдныя прычыны праблемы і мэтоды яе вырашэння, а таксама камунікацыю ксяндза з парафіянамі наконт гэтай праблемы немагчыма.

І ўрэшце Лебедзева падыходзіць да таго, дзеля чаго і задумвала свой прапагандысцкі сюжэт: фрэска на столі храма з антыбальшавіцкім, а насамрэч хрысціянскім зьместам пра цуд з’яўлення Божай Маці над шэрагамі абаронцаў падчас бойкі у Варшаве Польскага Войска, у складзе якога былі і беларусы, супраць акупантаў з Усходу – бальшавіцкай Чырвонай Арміі. Натуральна, што для Лебедзевай сюжэт «распальвае варожасць» да акупантаў, а паколькі сябе яна асацыюе менавіта з бальшавікамі (стыль і дух прапагандысткі вельмі нагадвае савецкі), то і «варожасць» фрэскі яна адчувае на сабе. Але самы галоўны пасыл, вынесены прапагандыстамі ўжо ў сам назоў роліка, – «фантомныя болі» Польшчы па сваіх былых землях і «прасоўванне польскасці» гэтых земляў праз святароў РКЦ. Асабліва спыняцца на трызненні дзяржпрапаганды не варта, дастаткова сказаць, што розныя фантомныя болі па «геапалітычнай катастрофе ХХ стагоддзя» выказвае не прэзідэнт Польшчы, а акурат крамлёўскі гаспадар розных лебедзевых ад мясцовай прапаганды.

Хапае ў фільме і маніпуляцыяў статыстыкай. Прапагандыстка, напрыклад, згадвае пра «падзел» беларусаў на каталікоў (нібы 20%) і праваслаўных (нібы 80%), не згадваючы ні словам пратэстантаў і мімаходзь, заяўляючы пра «роўнасць» усіх перад законам, маючы на ўвазе і ўсе іншыя рэлігійныя дэнамінацыі краіны. Хочацца спытаць у Лебедзевай, колькі ў нас сярод хрысціянаў пратэстантаў, калі, як яна сцвярджае, падзел складае 80 на 20 адсоткаў (праваслаўныя/каталікі) адпаведна? І яшчэ хацелася б удакладніць, колькі з тых «80%» сапраўды належаць да Праваслаўнай Царквы, і якога, напрыклад, патрыярхату? Але ж гучная заява робіцца не дзеля таго, каб падаць інфармацыю, а каб стварыць уражанне «праваслаўнасці» насельніцтва Беларусі, апраўдаць банальны ціск паводле права большасці з боку «прадстаўнікоў» праваслаўных на вернікаў і ярархаў РКЦ. Бо відавочна, што задачай відэа-роліка з’яўляецца «наезд» на ўлады Рымска-Каталіцкай Царквы з мэтай змяшчэння невыносных для рэжыма ўнутранай акупацыі святароў з пасадаў, замалёўвання няёмкіх для дзяржпрапаганды фрэсак, абразоў, цэнзураванне казанняў ксяндзоў падчас багаслужбаў у адпаведнасці з «галоўнай лініяй партыі» і г.д.

Хочацца папярэдзіць царкоўныя ўлады, што калі РКЦ паддасца гэтаму ціску, ён будзе толькі пашырацца і ўзмацняцца. Храмы і святароў у закладнікі будуць браць пачкамі, а дзейнасць ярархаў будуць усяляк абмяжоўваць ці наогул забараняць.