
Насупраць амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве з’явілася вялікая фрэска з партрэтам Алеся Бяляцкага — палітзняволенага старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022.
Фрэска стварылася дзякуючы Міністэрству замежных справаў Літвы. А віцэ-міністр Мантас Адаменас распавёў, якое значэнне Алесь Бяляцкі мае для Літвы: -Ён адлюстроўвае ўсе каштоўнасці, за якія мы, як дзяржава, як Міністэрства замежных спраў, змагаемся кожны дзень. Калі мы ўздымаем гэтае пытанне, калі мы ўводзім санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, калі мы імкнемся даць прытулак актывістам і журналістам, якія жывуць зараз у Вільні. Таму гэта бачная рэпрэзентацыя таго, за што мы ўвесь час змагаемся.
Цяпер партрэт Алеся Бяляцкага знаходзіцца ў Вільні, праз дарогу ад амбасады рэспублікі Беларусь у Літве. І месца абранае невыпадкова. А ў стварэнні фрэскі ўдзельнічалі: літоўская дызайнерка Ліна Шліпавічутэ, а таксама каманды “Kiaurai sieńs” і “Gyva Grafika”.


