Дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст РУП “Белпошта” сфармавала падпісны каталог на 2023 год, цяпер кожны беларус мае магчымасць замовіць дастаўку любімых газет ды часопісаў проста дадому.

Праўда, пры знешняй стракатасці прапаноў насамрэч выбар невялікі: альбо ідэалагічна вытрыманыя выданні пад кантролем рэспубліканскай, абласной і раённай вертыкалі, альбо забаўляльная перыёдыка – красворды, кулінарыя, хатняя гаспадарка, дзіцячыя расфарбоўкі.

Грамадска-палітычная ніша, некалі шчодра запоўненая праектамі незалежных выдаўцоў, паступова знікла. Найбольш заўважнай “чорная дзіра” стала пасля жнівеньскіх падзей 2020 года, калі ўлады пачалі мэтанакіравана зачышчаць выданні, якія у рознай ступені ангажаванасці асвятлялі масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і непрыхаваны садызм з боку сілавікоў.

Сцэнар закручвання гаек практычна ва ўсіх выпадках быў падобны: друкарні адмаўляліся браць у працу “крамольныя” СМІ, а “Белпошта” аўтаматычна выкрэслівала іх са свайго спісу. Ахвярамі палітычнай цэнзуры сталі газеты “Народная воля”“Свободные новости Плюс“Новы Час”“БелГазета”“Комсомольская правда” в Беларуси, многія іншыя нацыянальныя і рэгіянальныя выданні. Крайнім у гэтым пераліку фігуруе адзін са старэйшых тыднёвікаў “Белорусы и рынок”, гісторыя якога сёлета вымушана спынілася на 33-м годзе існавання.     

Служба маніторынгу БАЖ пагартала свежы падпісны каталог і паспрабавала знайсці хоць нейкі намёк на альтэрнатыву інфармацыі, якую тыражуе прапаганда.

Фактычна тыя “знаходкі” можна пералічыць на пальцах адной рукі – нагадаем, агулам галіновым міністэрствам зарэгістравана без малога 1200 найменняў друкаванай прадукцыі. І цалкам лагічна, што іх кантэнт пад ціскам рэалій у лепшым выпадку нейтральны, а ў бальшыні мала адрозны ад астатняй “аднароднай масы”.

Такім чынам, у катэгорыі “нацыянальных медыя” адзіным прадстаўніком недзяржаўнай прэсы засталася “Эканамічная газета”. У лепшыя часы разам з рэдакцыямі “Белорусская деловая газета”, “Белорусы и рынок” гэтыя выданні былі “інфармацыйным барометрам” для бізнесменаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, індывідуальных прадрымальнікаў. Цяпер жа на старонках “Эканамічнай газеты” друкуюцца пераважна афіцыйныя дакументы вузкапрофільнага характару і адкрытая статыстыка па сферах дзейнасці.  

Дзеля справядлівасці, “нацыянальны маштаб” умоўна можна прыпісаць і некалі звышпапулярнаму “Прессболу”, які вось ужо 30 гадоў выходзіць у папяровым варыянце. Аднак пераход калектыву пад фактычны кантроль Беларускай федэрацыі футбола і, як вынік, страта пазнавальнага хлёсткага стылю аб’ектыўна адкідваюць газету да ўзроўню дзяржаўна-абязлічанай “Спортивной панорамы”.

Пасля рэзананснай гісторыі з блакаваннем дзейнасці “Комсомольской правды” в Беларуси”, журналіста якой Генадзя Мажэйку якраз судзяць за “распальванне варожасці” і “абразу Лукашэнкі”, непасрэдная прысутнасць расійскіх рэдакцый у Мінску звялася да мінімуму. Напрыклад, значыцца  падпіска на беларускі выпуск “Аргументов и фактов”, але па сутнасці колішні суперпраект з мільённымі накладамі ператварыўся ў даведнік для садаводаў-гароднікаў. 

У так званыя палітычныя “траваядныя часы” назіраўся сапраўдны ўздым незалежнай рэгіянальнай прэсы. “Брестская газета”“Борисовские новости”“Витебский курьер”“Пагоня” (Гродна), “Вольнае Глыбокае”“Газета Слонімская”“Новая газета Смаргоні”“Гомельская думка”“Мозырская неделя”Информ-прогулка (Лунінец) , “Ляхавіцкі час”“Нясвіжскі час”,  “Рэгіянальная газета”, (Маладзечна), Мясцовы час (Пінск), Бобруйский курьер“Химик” (Наваполацк), Intex-press (Баранавічы) ды дзясяткі іншых па духу і тэмах былі нашмат бліжэй мясцовым чытачам, чым цэнтральныя СМІ з агульнымі разважаннямі пра ўсё і ні пра што.

Але з цягам часу ад таго багацця выбару не засталося нічога, за адным выключэннем: у падпісцы на 2023 год яшчэ значыцца “Інфа-Кур’ер” – прыватная рэгіянальная газета, якая распаўсюджваецца ў Слуцкім, Старадарожскім, Любанскім і Капыльскім раёнах Міншчыны. 

У ідэалагічна адфільтраванай каталогу “Белпошты” даволі нечакана было сустрэць часопіс “Дзеяслоў”, які, уласна кажучы, 20 гадоў таму ўзнік у адказ на спробу дзяржавы пазбавіць літаратурныя рэдакцыі ўсялякай самастойнасці. У ліку аўтараў выдання былі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч ды іншыя жывыя і ўжо памерлыя класікі. Шмат увагі прысвячаецца і сучасным маладым творцам: для многіх гэта “стартавая пляцоўка” перад самастойным плаваннем. Карацей, падпіска на “Дзеяслоў” ёсць – адрозна ад іншага знакавага праекту “ARCHE Пачатак”.

Наогул каталог здзіўляе не самым вытанчаным густам. З аднаго боку, дзяржава не ўхваляе дэманстрацыю палітычных сімпатый, але пры гэтым без пытанняў дае падпісацца на друкаваны орган ЦК КПБ “Коммунист Беларуси. Мы и время” (узроставы цэнз 0+). Або іншая крайнасць, калі адштурхоўвацца ад камуністаў, – выданне “Мир с Богом”.

А на закуску – газета “15 суток”. Здавалася б, намёк цалкам зразумелы, але насамрэч гэта выданне “для веселья, раскрепощения, снятия усталости”, якое выходзіць у Беларусі з 2002 года.

І такога кантэнту, не абцяжаранага грамадска-палітычнай нагрузкай, у беларускай медыяпрасторы цяпер абсалютная бальшыня. 

baj.by