
80 гадоў таму (1942) – Ва ўрочышчы Благаўшчына каля вёскі Вялікі Трасьцянец пад Менскам нацыстамі расстраляны Вінцэнт Гадлеўскі, беларускі рымска-каталіцкі сьвятар, ідэоляг беларускага нацыянальнага руху.
Нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі ў вёсцы Шурычы (Сьвіслацкі раён) 16 лістапада 1898 году.

Хата Гадлеўскіх у Шурычах
Вінцэнт Гадлеўскі ў 1912 годзе скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, потым у 1916-ым Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію. У сакавіку 1917 года абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт, удзельнік Усебеларускага з’езду 1917 года. У траўні таго ж года ўдзельнічаў у З’ездзе беларускага каталіцкага духавенства ў Менску, дзе выступіў з прамовамі “Палітычна-народная акцыя каталіцкага духавенства на Беларусі” і “Стварэньне каталіцкай партыі”. Пасля абвяшчэння БНР уваходзіў у склад яе Рады. У 1921 годзе выдаў беларускамоўныя казанні XIX стагоддзя.
Вінцэнт Гадлеўскі – адзін з заснавальнікаў і лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газету “Крыніца”. Выкладаў у Нясьвіжскай беларускай семінарыі. З 1924 года быў пробашчам касцёлу ў мястэчку Жодзішкі на Смаргоншчыне.

Гурток беларускай моладзі ў Жодзішках, 1925 год
Двойчы – у 1925-ым і 1927-ым гадах арыштоўваўся польскімі ўладамі, у 1927-ым засуджаны да двух гадоў турмы. Суд над Гадлеўскім у 1927 годзе ў Вільні ператварыўся ў вялізную маніфестацыю – тысячы беларусаў збіраліся да будынку суда і моўчкі стаялі на вуліцы, пакуль ішло паседжанне.

Вінцэнт Гадлеўскі, 1926 год
З 1929 года жыў у Вільні, у 1930-ым часткова пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (4 Евангеллі і Апостальскія дзеі выдадзены лацінкай адной кніжкай у Вільні ў 1939-ым. Стварыў падручнік “Гісторыя сьвятая, або Біблейная Новага Закону” (1932 год). Выступіў з ініцыятывай стварэння Беларускага нацыянальнага фронту, выдаваў газету пад назвай “Беларускі фронт”. У аснове ідэалогіі Гадлеўскага – беларускі кансерватызм, угрунтаваны на гістарычнай памяці, мове, культуры, традыцыях. У ролі нацыянальнай эліты, здольнай кансалідаваць і павесці за сабой нацыю, Гадлеўскі бачыў інтэлігенцыю. Кансерватыўны падыход гарманічна злучаўся ў яго з хрысціянскім персаналізмам – увагай да асобы.

З пачаткам другой сусветнай вайны пераехаў у Коўна, з чэрвеня 1940 года быў у Варшаве. Заснаваў у канцы 1939 года Беларускую незалежніцкую партыю. У чэрвені 1941 года ўвайшоў у створаны ў Берліне Беларускі нацыянальны цэнтр. З верасня 1941-га дзеіў у Менску. У час нямецкай акупацыі прызначаны галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі (кастрычнік 1941 г.), кіраваў працай па падрыхтоўцы праграм навучання для беларускіх пачатковых школаў, адначасна быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы. Служыў у Чырвоным касцёле ў Менску. Ад пачатку быў вялікім прыхільнікам немцаў, лічыў, што пасля сканчэння вайны немцы аддадуць беларусам усё кіраўніцтва ў Беларусі, спрабаваў выкарыстаць супрацу з немцамі для мабілізацыі беларускіх патрыятычных сілаў.
Гадлеўскі разам з Янам Станкевічам спрабаваў наладзіць у Беларусі культурна-асветную працу, але іх планы былі перапыненыя нямецкім кіраўніцтвам, генеральны камісарыят нават забараніў ксяндзу зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругі. Быў адным з падпісантаў вядомае адозвы да беларускага народу, якая заклікала беларусаў змагацца супраць бальшавіцкай Расеі. Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненні да беларускага народу. Арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску ў ноч на 24 снежня 1942 года. Гадлеўскаму была прапанавана праца ў Рызе, але ён адмовіўся. Пасля гэтага закатаваны ў фашыстоўскім канцлагеры.

Крыж у Благоўшчыне
Месца пахавання пасля расстрэлу доўга было невядомае. Было знойдзенае праз дакументы з нямецкіх архіваў, якія атрымаў дэпутат апазіцыі БНФ Вярхоўнага Савета ХХІІ склікання Яўген Цумараў. Ён разам з Вячаславам Сіўчыкам і Алесем Мазурам і вызначыў дакладнае месца пахавання. У Шурычах захавалася хата, дзе жыў Гадлеўскі. Усталяванне планаванай мемарыяльнай дошкі на касцёле ў Жодзішках дагэтуль не адбылося. 16 красавіка 2019 г. у Менску каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на цвінтары ўсталяваны і асвечаны крыж у памяць ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Раней гэты крыж стаяў ва ўрочышчы Благоўшчына ля вёскі Малы Трасьцянец.


Асвячэнне крыжа ў Менску