
З 2 студзеня зменіцца парадак вядзення кнігі заўваг і прапаноў. Цяпер яна будзе патрэбна толькі ў некаторых сферах: пералік змяшчаецца ў апублікаванай 23 снежня пастанове Саўміна.
Пералік сфер, у якіх арганізацыі павінны весці кнігу скаргаў і прапаноў, складаецца з 13 пунктаў — туды ўваходзяць гандаль, грамадскае харчаванне, грузаперавозкі, банкі, юстыцыя, ЖКГ, установы культуры, аховы здароўя і т. д.
Пры гэтым спіс пацярпеў змены: з яго прыбралі Аўташколы, навучальныя пункты і Цэнтры падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі вадзіцельскага складу, аўтадарожныя пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу, пасольства і консульства, рэдакцыі газет і часопісаў, пункты мытнага афармлення, цэнтры статыстычнага дэкларавання, тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва, аўтамабільныя стаянкі. Усім ім весці кнігу з 2 студзеня ўжо не трэба.
Затое ў дакуменце з’явіліся рыэлтарскія арганізацыі і паслугі па рамонце і тэхабслугоўванні транспартных сродкаў.
Таксама, нагадаем, у кнігі заўваг і прапаноў будзе новая форма (але можна выкарыстоўваць старыя, пакуль яны не скончацца).
“Вядзенне раней выдадзеных кніг заўваг і прапаноў дзяржаўнымі органамі, а таксама арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія не ўпаўнаважаны на іх вядзенне, спыняецца», — гаворыцца ў дакуменце.
Кнігу скаргаў трэба набываць у выдавецтва “Белбланкавыд” – памер платы вызначаецца Мінфінам.