Ілюстрацыйнае фота

З 1 студзеня 2023 году для аграэкасядзіб будуць дзейнічаць новыя санітарныя нормы. Яны зацьверджаны пастановай ураду, якая апублікавана на Нацыянальным прававым партале.

Дакумэнт прадугледжвае, што фізычныя асобы, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць па аказаньні паслуг у сфэры аграэкатурызму, штогод павінны праходзіць рэнтген-флюараграфічнае абсьледаваньне.

У патрабаваньнях да тэрыторыі і жылых памяшканьняў сказана, што іх трэба ўтрымліваць у чысьціні, забясьпечыць цэнтралізаваным і (або) нецэнтралізаваным водазабесьпячэньнем, кухні (і іншыя памяшканьні), дзе рыхтуюць і захоўваюць харчовыя прадукты, павінны быць аснашчаны абсталяваньнем і інвэнтаром для прыгатаваньня харчовай прадукцыі, рукамыйнымі ракавінамі, абсталяванымі зьмяшальнікамі з падводкай гарачай і халоднай вады, сталамі.

Халадзільнае абсталяваньне памяшканьняў, у якіх ажыцьцяўляецца абарачэньне харчовай прадукцыі, павінна быць абсталяванае прыборамі кантролю тэмпэратуры.

Калі ў жылых пакоях аграсядзібы няма прыбіральняў, то ў аграсядзібе павінна быць абсталяваная агульная прыбіральня з разьліку 1 памяшканьне на 10 жыхароў. Таксама дапускаецца наяўнасьць надворных прыбіральняў і біяпрыбіральняў.

Рыштунак для ўборкі павінен захоўвацца ў спэцыяльна адведзеных месцах або асобных шафах, пры гэтым рыштунак для ўборкі прыбіральняў павінен захоўвацца асобна ад іншага.

У месцах, дзе захоўваецца чыстая пасьцельная бялізна, не павінны захоўвацца іншыя рэчы.

Калі ў аграэкасядзібе праводзяцца нейкія мерапрыемствы, не дапускаецца выкарыстаньне гукавой апаратуры пры адчыненых вокнах і дзьвярах, а таксама выстаўленьне такой апаратуры ў вокнах, на падваконьнях, тэрасах, лёджыях і г.д.

Калі аграсядзіба разьмешчана ў лясной ці лесапаркавай зоне, яе ўладальнікі павінны прымаць меры па зьніжэньні колькасьці кляшчоў.

У асобным разьдзеле дакумэнту расьпісаны патрабаваньні па забесьпячэньні аграэкатурыстаў харчаваньнем. Напрыклад, сказана, што гатовая харчовая прадукцыя ў халадзільніку павінна захоўвацца вышэй за астатнюю прадукцыю, не дапускаецца выкарыстаньне паўторна замарожанай харчовай прадукцыі, а пры смажаньні вырабаў у фрыцюры трэба выкарыстоўваць спэцыяльнае абсталяваньне і кантраляваць якасьць фрыцюрных тлушчаў.

svaboda.org