Нядаўні капітан “Нёману” Валерый Жукоўскі

З беларускага футбола выкідваюць каля 50 чалавек, піша «Трыбуна». У распараджэнні выдання аказаўся дакумент са спісам 49 імёнаў футбалістаў, якім Мінспорту забараняе працаваць у Беларусі.

Адзначаецца, што крыніцы выдання не гарантуюць, што гэта канчатковы варыянт. У яго патрапілі тыя, хто правёў дзясяткі матчаў за зборную, гуляў у групавых этапах еўракубкаў, выйграваў розныя беларускія трафеі і асабістыя ўзнагароды, некаторыя ўжо завяршылі кар’еру. „Чорныя спісы” былі разасланыя ў спорткамітэты выканкамаў, каб на месцах перашкаджалі заключэнні „няправільных” кантрактаў, а міністр Сяргей Кавальчук даў зразумець футбольным клубам, што гульцы са спісу павінны знікнуць з каманд. Журналістам удалося звязацца з некаторымі гульцамі з гэтага спісу, і яны пацвердзілі, што ўжо ведаюць, куды ўнесены іх дадзеныя. 43 чалавекі са спісу зняліся ў роліку супраць гвалту ў 2020 годзе.

Мяркуючы па спісе чыноўнікі выжывуць з каманды і не дазволяць больш гуляць за гарадзенскі “Нёман” цэламу шэрагу лідараў клубу. У чорным спісе значацца Валерый Жукоўскі, Яўген Лешка, Раман Пасевіч, Сяргей Курганскі. Акрамя гэтага ў спісе і іншыя былыя гульцы “Нёману”: Павел Забелін, Раман Сцяпанаў (абодва – «Шахцёр»), Аляксандр Джыгера («Мiнск»), Артур Слабашэвіч («Белшына»), брамнік жодзінскага “Тарпеда” Дзмiтрый Дудар, абаронца “Астраўца» Дзмiтрый Алісейка, паўабаронца «Смаргоні» Ягор Сямёнаў.  

Таксама ў спісе шмат гульцоў нацыянальнай зборнай.