За намі вельмі цяжкі 2022 год. Агрэсія пуцінскай Расіі ў лютым адыходзячага года на Украіну з мэтай фактычнага яе знішчэння паказвае, што дэман зла ў выглядзе расейскага імперскага дзеяння гэта не гістарычнае мінулае, а трывалая рэальнасць сённяшняга яе геапалітычнага мышлення. Зразумела, што пры такім падыходзе не намерваецца яна адпусціць са сваіх кіпцюроў беларускі фактар ва ўсіх яе напрамках. Увогуле пагроза паглынання Беларусі шляхам анексіі, так як Крыма, не здаецца ўжо толькі надуманым сцэнарыем, але той рэальнасцю, на якую гатовыя крамлёўскія ўладары. Саўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў рэальнай падтрымцы расейскай атакі на ўкраінскую тэрытарыяльную цэласнасць ставіць яго ў лік міжнародных злачынцаў, за што прыйдзецца расплаціцца не толькі самому дыктатару, але, як здаецца непазбежным, і беларускаму народу. Факт рэальнай акупацыі Беларусі расейскім палітычна-мілітарна-эканамічным фактарам не здымае аднак палітычнай адказнасці з краіны як міжнароднага суб’екта ўзаемадачыненняў дзяржаў-паплечнікаў імперыі зла. А той фактар, што рэальна Лукашэнка вядзе гадамі вайну супраць незалежнага беларускага грамадства, часта проста не хоча і не будзе бачыць міжнародная супольнасць. Дай Божа, каб прыйшлося памыліцца мне ў гэтай справе. Падзеі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі толькі паскорылі маштаб рэпрэсій, якіх проста не ўяўляюць звычайныя жыхары сусветнай супольнасці. На гэтае забыццё сваіх злачынстваў разлічвае нелігітымны маскоўскі стаўленік у Беларусі.

Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру ў гэтым годзе Алесю Бяляцкаму, які ізноў знаходзіцца ў турэмным зняволенні, дало магчымасць нагадаць усяму свету і чалавецтву пра тое, што паняцце «турма народа» гэта сумная рэальнасць усёй Беларусі. У дадатак яшчэ адной вельмі істотнай прыкметай у краіне з’яўляецца шматгадовая русіфікацыя краіны, якая прыспешыла з першых дзён уладарання Лукашэнкі ў далёкім 1994 годзе. Менавіта беларуская мова на сёння павінна быць усім беларусам той зброяй супраціву, якую можна хутка прымяніць ва ўласнае, сямейна-духоўнае карыстанне. Без зразумення той самай простай, але найвышэйшай істотнай справы нашай самаідэнтыфікацыі і дэмакратычнай, незалежнай Беларусі не пойдзем уперад з вырашэннем такой колькасці навіслых над намі пагроз. Гэта праз усё сваё жыццё выдатна разумее Алесь Бяляцкі. Таксама ягоная жонка Наталля Пінчук, адбіраючы Нобелеўскую прэмію, у сваім пятнаццаціхвілінным выступленні на беларускай мове 10 снежня 2022 года ў Осла даказала, што мышленне па-беларуску і з беларускага пункту гледжання ёсць той найважнейшай каштоўнасцю, ад якой не маем права адступацца. Гэта наша асноўнае Права на Волю! Слухаючы яе выступ, а таксама зачытаных думак, зафіксаваных самім Алесем, слёзы проста плылі мне з вачэй… Без мовы і нашага беларускага слова не быць і нам, беларусам у Польшчы. Без іх мы, адміраючая беларуская нацыянальная меншасць і з’явіўшаяся зараз у нас шматтысячная беларуская дыяспара, станем у вачах польскага грамадства толькі статыстамі і непаважанымі грамадзянамі. Роднае слова і мова — гэта тыя выклікі, якія ўзялі на сябе стваральнікі Літаратурнага аб’яднання «Белавежа» ў 1958 годзе. Менавіта сказы з «Малітвы да беларускага слова» Сакрата Яновіча сталі лейтматывам нашага ніўскага календара на 2023 год. Тое разуменне і філасофія нацыянальнага выжывання з самога пачатку існуюць на старонках роднай «Нівы». Сёння ў так нялёгкіх нацыянальных часах звяртаюся да ўсіх чытачоў з просьбай зрабіць падпіску на наш тыднёвік у папяровым ці электронным выглядзе. Гэта таксама адна з праяў нашай беларускай салідарнасці і ўзаемадапамогі. І нацыянальнага абавязку падтрымліваць сваё. Без яго нам не абысціся, каб надалей па-купалаўску людзьмі звацца!

Яўген Вапа