Ксёндз Юзаф Гэнза развітаўся з вернікамі і неўзабаве будзе змушаны пакінуць Беларусь. Ён служыў у Гародні з 1997 году. Быў рэктарам брыгіцкага касцёла, капеланам сясцёр назаратанак, настаяцелем айцоў рэдэмптарыстаў у Беларусі.

Ксёндз Гэнза з пачатку служэння ў Беларусі сутыкаўся з ціскам з боку ўладаў. “З ліпеня 1997 г. мае прыезды ў Гродна кваліфікаваліся як “службовыя” і пагэтаму мне трэба часта ездзіць праз мяжу. Улады дасканала ведалі, што ў рэчаіснасці я з’яўляюся душпастырам парафіі, але неяк заплюшчвалі вочы на мае частыя і доўгія “службовыя побыты”, – узгадвае (https://www.niedziela.pl/artykul/19437/nd/Chcemy-Chrystusa-glosic-na-Bialorusi) ён. Дазвол на працу святаром быў атрыманы толькі ў 1999 годзе.

Цягам дваццаці гадоў ксёндз працаваў у адной з найбуйнейшых парафій Беларусі ў гарадзенскім мікрараёне Дзевятоўка. Гэтая супольнасць ведамая ў горадзе ў плане беларушчыны – 3 з 8 нядзельных службаў там ідуць па-беларуску.