30 снежня на цэнтральнай плошчы Беластока каля помніку Юзафу Пілсудскаму адбылася акцыя падтрымкі і салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. Акцыя праходзіла з нагоды дня народзінаў аднаго з палітвязняў, лідара партыі БХД Паўла Севярынца, аднак, была прысвечаная ўсім закладнікам рэжыма Лукашэнкі. Людзі ўдзельнічалі ў мерапрыемстве з партрэтамі іншых зьняволеных, а таксама з плакатамі з заклікамі вызваліць палітвязняў і ўвесь беларускі народ. На пастамэнце помніка таксама расклалі даўжэзны плакат з сотнямі імёнаў палітзняволеных.

Арганізатары акцыі выказалі падзяку тым, хто актыўна ўдзельнічае ў такіх мерапрыемствах. Ян Абадоўскі спадзяецца, што шматколькасны ўдзел у такіх акцыях прыспешыць падзенне рэжыму і вызваленне ўсіх палонных.

Георгій Дзмітрук прапанаваў прысутным паслухаць аўдыё-зварот маці палітвязня Таццяны Севярынец, якая падзякавала ўсім, хто прыйшоў на акцыю падтрымкі, нагадала, што Павел ужо 10-ы раз сустракае свае народзіны і Новы Год за кратамі і пажадала, каб у наступным годзе ўсе палітычныя закладнікі Лукашэнкі вярнуліся дадому да сваіх родных. Напрыканцы свайго выступу Дзмітрук прамовіў малітву «Ойча наш» за Паўла Севярынца, каб яму лягчэй было перажываць час палону.

Выступіў таксама і іншы сябра партыі БХД Сяржук Верамеенка, які ўзгадаў пра сваю размову з Паўлам Севярынцам і адказ палітыка на пытанне, калі беларусы перамогуць: Павел сказаў, што гэта станецца тады, калі кожны рабочы завода ды іншы звычайны грамадзянін прыме вокліч «Жыве Беларусь!» у сваё сэрца, зробіць яго ўласным жыццёвым дэвізам. Сяржук Верамеенка ў момант размовы палічыў, што гэта адбудзецца яшчэ не хутка, аднак так сталася, на яго думку, ужо амаль праз паўгады падчас масавых акцыяў пратэстаў у 2020 годзе. Так бы мовіць праграма мінімум на шляху да вольнай незалежнай Беларусі выкананая, цяпер застаецца працягваць рух да выканання плана максімум.

Іншыя ўдзельнікі мерапрыемства таксама спадзяваліся на лепшае і зычылі ў наступным годзе вызвалення ўсіх закладнікаў з-за кратаў і самой Беларусі з-пад акупацыі.

30 снежня ў Беластоку прайшла акцыя садідарнасці з палітвязнем Паўлам Севярынцам. Яна была прымеркавана да 46-ых угодкаў грамадскага дзеяча, які зараз знаходзіцца ў зняволенні. Прысутныя выказалі падтрымку ўсім падітвязням і персанальна Паўлу Севярынцу.