Вашай увазе рэгіянальны каляндар Гарадзеншчыны на студзень 2023 году:

1 студзеня

135 гадоў таму (1888) – У в. Рабертава (Бабруйскі пав.) нарадзіўся Вацлаў Родзька, беларускі каталіцкі сьвятар. Працаваў у гарадзенскім фарным касьцёле, у 1920-28 гг. служыў у Гальшанах (Ашмянскі р-н), з 1929 г. – у Старых Васілішках (Шчучынскі р-н), з 1937 г. – у Трабах (Івейскі р-н).

2 студзеня

95 гадоў таму (1928) – У в. Беражна (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Уладзімер Цьвірка (да 1945 г. Вадзім Сурко), дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, Вялікабрытанія, Бельгія), журналіст.

3 студзеня

115 гадоў таму (1908) – У Варшаве нарадзіўся Мікола Нікан, настаўнік, вайсковец, дзеяч беларускай эміграцыі (Вялікабрытанія, Аўстралія). Выкладаў у 1930-ыя гг. на настаўніцкіх курсах у Гародні.

5 гадоў таму (2018) – У Скідалі памёр Рыгор Фарманян, актывіст беларускага нацыянальнага руху ў Гародні, сябра БНФ. Пахаваны ў Скідалі.

7 студзеня

Каляды (Раство Хрыстова) па юльянскім праваслаўным календары.

95 гадоў таму (1928) – У в. Пудзіна (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Міхась Чылек, беларускі грамадзка-палітычны актывіст, сябра БНФ, выдавец рэгіянальнай газеты ў Бярозаўцы.

12 студзеня

120 гадоў таму (1903) – У в. Каўшова (Мастоўскі р-н) нарадзілася Любоў Мазалеўская, беларуская артыстка, рэжысёрка, педагог.

15 студзеня

55 гадоў таму (1968) – У Слоніме памёр Язэп Стаброўскі, беларускі археолаг, краязнавец. Пахаваны ў в. Орлавічы (Слонімскі р-н).

18 студзеня

20 гадоў таму (2003) – У Любчы памёр Уладзімер Сіўко, дзеяч беларускага нацыянальнага руху, вязень ГУЛАГу, паэт. Бацькі былі з Ачукевічаў, вучыўся ў Наваградку, жыў у Любчы.

19 студзеня

10 гадоў таму (2013) – У Гародні загінуў Юры Гумянюк, беларускі літаратар, паэт, журналіст. Пахаваны на могілках па прасп. Касманаўтаў.

22 студзеня

160 гадоў таму (1863) – Пачалося нацыянальна-вызвольнае паўстаньне.

23 студзеня

140 гадоў таму (1883) – У маёнтку Галавічполе (Шчучынскі р-н) нарадзіўся Вінцэнт Валейка, адзін з выдаўцоў нелегальнай беларускай газеты “Свабода” (1902).

25 студзеня

85 гадоў таму (1938) – У Празе памёр Тамаш Грыб, беларускі грамадзка-палітычны і культурны дзеяч. Нараджэнец в. Паляны (Смургонскі р-н).

26 студзеня

105 гадоў таму (1918) – У Львове памёр Антон Баранцэвіч, вайсковец, палявы камандзір у паўстаньні 1863-64 гг., мемуарыст. Нараджэнец в. Кірклішкі (Ашмянскі р-н).

35 гадоў таму (1988) – У Булёні пад Парыжам памёр Уладзімер Фінькоўскі, дзеяч праваслаўнай царквы ў Беларусі і ў эміграцыі (Нямеччына, Францыя, ЗША). Пахаваны на мясцовых Новых могілках. Нараджэнец мяст. Гальшаны (Ашмянскі р-н).

27 студзеня

20 гадоў таму (2003) – У Менску памёр Леанід Побаль, беларускі археолаг. Нараджэнец в. Мікалаева (Івейскі р-н).

28 студзеня

435 гадоў таму (1588) – Зацьверджаны ІІІ Статут ВКЛ.

31 студзеня

190 гадоў таму (1833) – Нарадзіўся Станіслаў Сільвестровіч (пам. у 1910 г.), удзельнік паўстаньня 1863-64 гг. з Гожы (Гарадзенскі р-н).

110 гадоў таму (1913) – У Гародні выйшаў альманах вучнёўскай беларускай моладзі “Колас беларускай нівы”.

110 гадоў таму (1913) – Памёр Баляслаў Русецкі, мастак, які працаваў у Беларусі. Пэўны час жыў у Гародні, зрабіў шэраг размалёвак у гарадзенскіх касьцёлах, алтарную карціну “Сьвяты Казімір” у гарадзенскай фары.

95 гадоў таму 1928 – У в. Кудрычы (Мсьціслаўскі р-н, Магілёўская вобласьць) нарадзіўся Георгі Юрчанка, беларускі пісьменьнік, мовазнавец. Настаўнічаў ў Дзятлаўскім і Вараноўскім раёнах у 1951-59 гадах.