Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку яго дачка Кацярына, якая жыве ў Польшчы.

«Апошнія навіны ад бацькі такія, — піша Кацярына, — што яму ствараюцца „спэцыяльныя“ ўмовы для таго, каб ён не выходзіў з карцару. Лісты даходзяць толькі і толькі ад яго маці, але з вялізнай затрымкай у тры тыдні… Бацьку „там“ рабілі аналізы, пра вынікі якіх нічога невядома, і нават адвакату адмовіліся паведаміць іх…»/

На турэмным рэжыме, на які будзе пераведзены Мікола Аўтуховіч пасьля ўступленьня прысуду ў сілу, колькасьць і вага перадач і пасылак ад родных будуць абмежаваныя да мінімуму. Кацярына паведамляе, што яшчэ ёсьць магчымасьць перавесьці грошы на рахунак бацькі ў гарадзенскай турме праз банкінг.

«Ён папрасіў папоўніць рахунак, бо сродкаў там засталося зусім мала, а пасьля ўступленьня прысуду ў сілу яны захаваюцца на гэтым рахунку, і гэта будзе адзінай магчымасьцю купіць там рэчы першай неабходнасьці».