30 снежня мінуў чарговы месяц, як палітвязень Павел Мажэйка знаходзіцца пад следчым арыштам. На волю ён прагназавана не выйшаў, значыць следства працягнута яшчэ мінімум на месяц. Пра гэта паведамляе жонка журналіста Ірына Чарняўка.

Ірына піша ў фэйсбуку:

“Дваццаць год таму Паша сустракаў Каляды і новы год на “хіміі” ў Жлобіне. Год таму – хоць пад падпіскай, але дома. Так ці іначай тады з ім быў кантакт, можна было стэлефанавацца: уявіце – ахова “хіміі” пазнавала мяне па голасе і клікала яго да гарадскога тэлефона. А мінулы год прайшоў амаль увесь у відэасувязі.

Гэты год – у лістах. Апошні ліст ад Пашы – ад 30 лістапада. З апісаннем турэмнага раскладу дня. “Уявіце, што вы едзеце ў цесным купэ цягніка 16 гадзінаў. І вам трэба заняць гэтыя 16 гадзінаў чым-небудзь. І так кожны дзень”.

Трэба сказаць – займае ен іх вельмі талкова, стварыў сабе расклад, у каторым есць месца і спорту, і вучобе, і побыту. І ўласным традыцыям: ранішняй каве, паштоўкам, кісялю па нядзелях, марскому бою па перапісцы з дачкой.

20 год таму на “хіміі” з суседзямі па “пакоі” на Каляды яны накрылі стол з 12 стравамі, як паложана. Ня ведаю як было цяпер – але ўпэўненая, што і ў СІЗО яму гэта ўдалося.

Паша застаецца сабой у любой сітуацыі.”