
Стала вядома, што суд Ленінскага раёну Гародні 19 лістапада абвесціў прысуд часова беспрацоўнаму Дзмітрыю Анчукову, звінаваціўшы яго ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 Крымінальнага кодэксу). Справу “разглядала” суддзя Наталля Горбач.
Па матэрыялах абвінавачання Дзмітрый Анчукоў, маючы намер, скіраваны на апаганьванне будынкаў і іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі і малюнкамі, нанёс аэразольным балончыкам чорнага колеру некалькі напісаў на фасадах дамоў і прыпынках грамадскага транспарта ў розных месцах горада, якія, на думку следства, абражалі пачуцці грамадзян, дэманстравалі грэбаванне маральнымі каштоўнасцямі і дыскрэдытавалі дзяржаўную ўладу.
Усяго такіх напісаў ён зрабіў чатыры, чым прычыніў матэрыяльныя страты камунальным прадпрыемствам на агульную суму 253 рублі 61 капейку.
Сваю віну Анчукоў у судзе прызнаў, паведаміў, што матэрыяльныя страты пакрыты ў поўным аб’ёме.
Тым не меней, суд пастанавіў прызнаць яго вінаватым у апаганенні будынкаў і іншых збудаванняў цынічнымі напісамі і малюнкамі і прызначыў пакаранне абмежаваннем волі з накіраваннем у “папраўчую” установу адкрытага тыпу на тэрмін 1 год.