
Бадай упершыню ў будынку суда Гарадзенскага раёну 3 студзеня разглядалася крымінальная справа за арганізацыю незаконнай міграцыі (заўв. да ч.2 арт. 371 КК РБ) — супраць Назарлі Дашгын Рагім Аглы Імаверна ён не з’яўляецца грамадзянінам РБ, пра што сведчыць абраная частка артыкула. Але найбольш дзіўным выглядае сам крымінальны пераслед за тое, што фактычна арганізавалі самі структуры рэжыма Лукашэнкі для ціску на краіны ЕЗ і НАТА ля межаў Беларусі. То бок самі стварылі ўмовы для масаванай атакі нелегальнымі мігрантамі межаў Польшчы, Летувы, Латвіі, а цяпер судзяць аднаго з саўдзельнікаў гэтага міжнароднага злачынста і своеасаблівага акту агрэсіі ў дачыненні да суседзяў па мапе. Ды ажно за арганізацыю незаконнага перасячэння мяжы Беларусі. Гэта ўсё адно, каб у лукашэнкаўскіх «судах» пачалі «судзіць», напрыклад, гарадзенскіх таксістаў, якія падвозяць грамадзянаў Іраку, Ірану, Сірыі, Аўганістана ды інш. пад дзяржаўную мяжу Беларусі, або памежнікаў, якія водзяць калонны нелегальных мігрантаў лясамі-палямі ўздоўж мяжы і дапамагаюць ім перакрочваць яе з сякерамі, рэзакамі і драбінамі.
Як народная мудрасць кажа, такім чынам знайшлі «стрэлачніка», на якога звальваюць віну. Але ж цікавы сам факт. Бо раней нават прызнання віны з боку рэжыма Лукашэнкі не назіралася, наадварот, абвінавачанні ліліся ў бок суседзяў у антыгуманнасці, у давядзенні да смерці, а нават наўпроставым забойстве нелегалаў (кейс Эміля Чэчкі). А калісьці закідваліся абвінавачанні і ў тым, што гэта нібыта палякі (як варыяцыя недзе праскоквалі і ўкраінцы) арганізоўваюць шэрыя схемы перакіду «ўцекачоў» з тэрыторыі Беларусі. Доблесныя сілавікі абяцалі раскрыць гэтую схему і пакараць усіх яшчэ недзе з паўтары гады таму. І вось нарэшце, доўгачаканы «суд» над, меркавана, адным з удзельнікаў гэтай схемы. Прынамсі яго абвінавачваюць у арганізацыі працэсу. Гучыць грозна, але болей выглядае на фарс і пшык, прычым незалежна ад агучанага ў выніку «прысуду». Узгадваецца байка пра гару і народжаную ёю мыш.
У кожным разе падобны працэс прыцягвае ўвагу сам па сабе, бо з’яўляецца прэцэдэнтам. Далейшае развіццё падзеяў пакажа, ці з’яўляецца падобная практыка выключэннем і збоем у сістэме, або яна сталася запатрабаванай зверху і крокам да пачатку нейкіх перамоваў і нармалізацыі адносінаў з Польшчай і краінамі Балтыі.