Асветнік Рэчы Паспалітай, філосаф і настаўнік Казімір Даніэль Нарбут нарадзіўся 3 студзеня 1738 года. Паходзіў з славутага літвінскага роду, нарадзіўся паводле адных звестак у маёнтку Крупа Лідскага павету, паводле іншых у мясцовасці Дакудава (цяперашні Лідскі раён). Родны брат знакамітага гісторыка Тодара Нарбута. Бацька – таксама Казімір Нарбут, маці – Мар’яна з роду Навіцкіх. Гэта прадстаўнікі шляхецкага роду герба «Трубы». Казімір Нарбут вядомы як сябра ордэна Піяраў, прафесар філасофіі Collegium Nobilium, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Навучаўся Казімір Нарбут спярша ў славутай піярскай школе ў Шчучыне, пазней – у Любяшоўскім навіцыяце і піярскім калегіюме ў Дубровіцы (на тэрыторыі сучаснай Ровенскай вобласці Украіны). З 1759 года Казімір Нарбут навучаўся ў Віленскім калегіуме. Пасля цягам чатырох гадоў вучыўся ў піярскай вучэльні ў Рыме. Атрымаўшы адукацыю, вярнуўся на радзіму, дзе ў 1764 годзе быў прызначаны прафесарам і прэфектам у Дубровіцы. Пазней Казімер Нарбут быў пераведзены ў сталіцу – у Вільню, выкладаў там матэматыку, таксама чытаў лекцыі па філасофіі. Быў там прэфектам друкарні піяраў.

У 1770-1799 гадах Казімір Нарбут працаваў пробашчам у польскім горадзе Радзыміне. Супольнік уладальніцы Радзыміна Элеаноры, княжны Чартарыйскай. Быў дзеячам Народнай адукацыйнай камісіі, адказным Аддзелу справаў школы і элементарных кніг. Кавалер ордэна Святога Станіслава. З 1773 да 1775 года Казімір Нарбут знаходзіўся ў Нямеччыне і Францыі як выхавальнік дзяцей падскарбія вялікага літоўскага Міхала Берастоўскага, пазней працаваў у Адукацыйнай камісіі ў Варшаве. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Нарбут жыў у вёсцы Радзівонішкі пад Лідай.

Казімір Нарбут з’яўляецца аўтарам падручніка «Логіка, альбо навука пра роздум і развагу», які выйшаў у Вільні ў 1769 годзе, курса «Эклектычнай філасофіі». У 1771 годзе разам з вучнямі Нарбут выдаў кнігу «Выбраныя развагі з філасофіі».

Памёр Казімір Нарбут 17 сакавіка 1807 года ў Радзівонішках на Лідчыне, пахаваны там жа.