У шчучынскіх школах №1 і №2 усталёўваюць пры дзвярах турнікеты. Па словах мясцовых чыноўнікаў рашэнне пра ўстаноўку турнікетаў было прынятае ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Караніка. Дэкляруецца, што такая мера робіцца для падвышэння бяспекі вучняў і педагогаў. Насамрэч усталяванне турнікетаў дазволіць узяць усіх пад большы кантроль. Цяпер фіксацыя вучняў і настаўнікаў будзе абсалютнай. Меркавання школьнікаў, настаўнікаў і бацькоў канешне ніхто не пытаўся.

Сродкі на турнікеты вылучаны з раённага бюджэту, агульная сума – больш 26 тысяч рублёў.

Акрамя гэтых новаўводзінаў адбудзецца і іншае – замест звычайных цывільных вахцёраў цяпер на ўваходзе ў СШ №1 Шчучына будуць дзяжурыць супрацоўнікі аддзелу Дэпартаменту аховы МУС. Такія ўводзіны – перадаць аб’ект пад ахову – распаўсюджваюцца цяпер на ўстановы адукацыі, у якіх вучыцца 700 і больш навучэнцаў у адну змену.