
У судзе па «справе Вясны» абвешчаны перапынак да заўтра — 6 студзеня. Судовы працэс працягнецца заўтра ў 10:30.
Пасля таго, як праваабаронцам зачыталі абвінавачванні, Алесь Бяляцкі заявіў, што яму не ў поўнай меры зразумеў тэкст, бо ён быў агучаны на рускай мове. Суддзя Марына Запаснік сказала, што гэта можна расцэньваць як зацягванне працэсу. Бяляцкі адказаў, што гэта парушэнне яго правоў.
На судзе ўжо пачалі дапытваць першага сведку па справе — заснавальніка і галоўнага рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча. Ён дае паказанні на беларускай мове і кажа, што паколькі не з’яўляўся супрацоўнікам «Вясны», таму не ведае пра дзейнасць арганізацыі.
Пракурор Кароль зачытваў абвінавачванне праваабаронцам паўгадзіны — у судзе абвясцілі перапынак на абед.
***
На суд па «справе Вясны» прыйшла таксама прапагандыстка Алена Красоўская, якая раней называла сябе праваабаронцай, а цяпер піша артыкулы для «Беларусь Сегодня». Яна і цяпер з залі суда піша артыкул на SB.ВY пра суд над вясноўцамі.
Валянцін Стэфановіч заявіў хадайніцтва, каб Красоўскую выдалілі з працэсу, бо яна давала паказанні па справе як сведка пад іншым прозвішчам – «Карповіч». Але суддзя не задаволіла гэтае хадайніцтва, бо нібыта гэта здагадкі праваабаронцы. Але было пацверджена, што сапраўды прозвішча і імя некаторых сведак мянялі «з-за іх бяспекі».
Абаронца Алеся Бяляцкага заявіла хадайніцтва аб змяненні яго меры стрымання на незвязаную з пазбаўленнем волі. Марына Запаснік не задаволіла хадайніцтва.
Пракурор Аляксандр Кароль у сваю чаргу заявіў, што «матэрыялы справы сведчаць пра тое, што Бяляцкі можа схавацца ад правасуддзя», і ён «не бачыць падстаў для змены яму меры стрымання». Праваабаронца застаецца за кратамі ўжо 18-ы месяц. Такое ж хадайніцтва заявіла абаронца Валянціна Стэфановіча. Суддзя Марына Запаснік таксама адмовіла ў задавальненні гэтага хадайніцтва
Прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу на судовы працэс па «справе Вясны» не пусцілі Усяго на суд прыйшло каля 30 чалавек — частку з іх не прапусцілі. Спачатку запусцілі прапагандыстаў, сваякоў, потым астатніх.
***
Алесь Бяляцкі на пачатку суда заявіў, што пракурор Аляксандр Кароль таксама павінен выкарыстоўваць у судзе беларускую мову.
«Абвінавачаным было прад’яўленае абвінавачванне на расейскай мове.
“Вы можаце выкарыстоўваць кожную з дзвюх дзяржаўных моў, суд вас зразумее», – так абгрунтавала суддзя Запаснік адмову весці судовы працэс на беларускай мове.
Бяляцкі заявіў яшчэ адно хадайніцтва — даць перакладчыка з расейскай на беларускую. Суд і гэтае хадайніцтва не задаволіў.
Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Усіх прысутных запісалі ў асобны спіс. На суд прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і прапагандысты. Алесь, Уладзь і Валянцін размаўляюць з суддзёй Марынай Запаснік на беларускай мове.
На судзе праваабаронцы заяўляць хадайніцтвы, сярод якіх весці судовы працэс на беларускай мове і зняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасць.
Суддзя Марына Запаснік адмовіла ў хадайніцтве весці працэс на беларускай мове.

