Раней Канстытуцыя наўпрост забараняла пазбаўляць беларусаў грамадзянства, але па палітычных матывах рэжым Лукашэнкі прыняў закон супрацьлеглага зместу. Ужо вядома, чые пашпарты могуць ануляваць у першую чаргу.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў абноўлены Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Пра гэта паведамляе яго прэс-служба. Сярод іншага, гэты закон цяпер прадугледжвае «магчымасць страты асобай беларускага грамадзянства, набытага па нараджэнні». Гэта магчыма «ў сувязі з наяўнасцю прысуду суда Беларусі, які ўступіў у законную сілу і пацвярджае ўдзел гэтай асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне ёю цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі, калі такая асоба знаходзіцца за яе межамі».

Пакуль невядома працэдура пазбаўлення «экстрэмістаў» грамадзянства, як і ўвогуле практыка правапрымянення. Але ўжо ёсць на кім гэты рэпрэсіўны закон апрабаваць.

У снежні быў вынесены першы прысуд у межах так званай спецвытворчасці па справе палітычных эмігрантаў. Былую кіраўніцу БФСС і трохразовую алімпійскую чэмпіёнку Аляксандру Герасіменю і выканаўчага дырэктара фонду Аляксандра Апейкіна прызналі вінаватымі ў «закліках да санкцый і іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі».

Сутнасць абвінавачання палягае ў пераносе з Беларусі чэмпіянату свету па хакеі, чэмпіянату свету па пяцібор’і і чэмпіянату Еўропы па веласпорце на трэку (усе павінны былі прайсці ў 2021 годзе): маўляў, менавіта Герасіменя і Апейкін вінаватыя ва ўвядзенні санкцый супраць рэжыму з боку міжнародных спартыўных структур.

У выніку суддзя Святлана Бандарэнка прызнала абодвух «вінаватымі» і вынесла «прысуд» тэрмінам па 12 гадоў пазбаўлення волі кожнаму: Герасімені — ва ўмовах агульнага рэжыму, Апейкіну — узмоцненага.

Цяпер, паводле новага закона, і Герасіменю, і Апейкіна можна пазбавіць грамадзянства.

Неўзабаве будуць вынесены завочныя прысуды таксама Святлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку і іншым вядомым палітэмігрантам. Нельга выключаць, што пазбаўленне грамадзянства набудзе ў Беларусі масавы характар. Прынамсі, гэта нікога не здзівіць.

Зразумела, што на выпадак страты грамадзянства на Захадзе будуць знойдзены механізмы легалізацыі рэпрэсаваных беларусаў. А іх грамадзянства будзе адноўлена пасля сыходу Лукашэнкі.