6 студзеня на судзе працягваецца допыт сведак. Сёння дапыталі галоўнага рэдактара выдання “Свабодныя навіны плюс” Васіля Зданюка. Ён на судзе паведаміў суду, што атрымліваў грошы ад Алены Лапцёнак за публікацыю артыкулаў, аўтарства супрацоўнікаў Праваабарончага цэнтра.

Праз тое, што галоўную рэдактарку “Новага Часу” Аксану Колб не змаглі дапытаць на судзе асабіста, бо яна была вымушана пакінуць Беларусь праз пераслед, зачыталі яе паказанні, дадзеныя падчас следства. У матэрыялых справы таксама называюцца выданні “Народная Воля”, “Брэсцкай газеты”, “6ТВбай”.

***

У судзе Ленінскага раёна Менску 6 студзеня працягваецца суд «па справе Вясны», фігурантамі якой з’яўляюцца старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.

Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

5 студзеня дапыталі заснавальніка і галоўнага рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча і зачыталлі паказанні праваабаронцы Алены Лапцёнак. Астатнія сведкі на суд не з’явіліся. Вядома, што была заяўлена таксама галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб.