У Шчучынскім раёне працягваецца рэстаўрацыя гістарычнай царквы ў Мураванцы. Пра гэта паведамляе раённая газета “Дзянніца”.

Рэстаўрацыйныя працы на аб’екце выконваюцца супрацоўнікамі менскай кампаніі – ТАА “СМП-128”.

Як адзначыў непасрэдны вытворца работ на аб’екце Міхаіл Хілько, аб’ёмы першага пускавога комплексу ўжо выкананы, аднак падчас грунтоўнага абследавання царквы выявілася значна больш пашкоджаных элементаў, чым меркавалася.

Пачаткова праектам рэстаўрацыі планавалася замена сямідзесяці цаглін, – кажа Міхаіл Хілько. – Па факце замяніць трэба каля пяцісот разбураных элементаў. Справа ў тым, што гэтыя цагліны пашкоджаны больш, чым на палову сваёй таўшчыні, таму ўжо не могуць эфектыўна выконваць нясучую функцыю. Астатнюю цэглу мы ачысцілі ад моху і рэшткаў цэменту, а таксама апрацавалі яе спецыяльнымі ўмацоўваючымі растворамі.

Зараз працягваецца рэстаўрацыя тынкоўкі гладкіх сцен і карнізаў. На даху вядзецца рамонт прымыканняў да вежаў. Таксама аднаўляецца гістарычная дахоўка на карнізах і парапетах. Рэстаўратары ўжо скончылі працы над бакавымі сценамі, завяршаюць абнаўленне фасада і выконваюць работы на алтарнай частцы царквы.

Зімовае надвор’е ўскладніла працу рэстаўратараў, аднак не спыніла яе. Міхаіл Хілько расказаў, як атрымліваецца даваць рады ўздзеянню марозу на будаўнічы працэс:

Для таго, каб працаваць у мінусавыя тэмпературы, мы стварылі цяпляк – гэта двайная плёнка, якая нацягнута па ўсім перыметры рыштаванняў і праграваецца спецыяльнай пушкай. Па сутнасці гэтая сістэма нагадвае парнік.