Рэпрэсіўная машына таталітарнага рэжыму ў Беларусі не змяньшае сваіх абаротаў. І ў 2022 годзе працягваліся затрыманні, катаванні і ўзбуджэнне крымінальных спраў па палітычных матывах супраць беларусаў. Адпаведна павялічылася і колькасць палітзняволеных. «В*сна» прыводзіць лічбы па палітвязнях за 2022 год.

На канец 2022 года ў Беларусі налічвалася 1446 палітвязняў. Цягам мінулага году праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычнымі зняволенымі 889 чалавек.

Большасць палітвязняў — мужчыны, іх 1284 чалавек. 162 жанчыны-палітвязынкі знаходзілася за кратамі на канец года.

Па дадзеных праваабаронцаў, найбольшая колькасць палітзняволеных адбывала пакаранне: у калоніях — 532 чалавекі, на «хіміі» — 258 чалавек, у выхаваўчай калоніі — 6 чалавек. Яшчэ 38 палітвязням пагоршылі ўмовы ўтрымання і перавялі з калоніі ў турму.

На канец 2022 года 460 чалавек знаходзіліся ў СІЗА. Самы доўгі тэрмін пад следствам без суда ў СІЗА-1 утрымліваецца Эдуард Бабарыка: на 31 снежня ён правёў у зняволенні 927 дзён (2 гады, 6 месяцаў і 14 дзён).

Яшчэ 2 чалавекі знаходзяцца пад «хатнім арыштам». Некалькі палітвязняў адбывалі адміністрацыйны арышт у ІЧУ. Месцазнаходжанне па меншай меры 145 палітвязняў дакладна не вядома праваабаронцам «В*сны».

З агульнай колькасці палітзняволеных 70 чалавек пазбаўленыя волі на 10 і больш гадоў. Так, 27 чалавек былі асуджаныя на тэрміны зняволення ў 10-12 гадоў, 17 чалавек — атрымалі 13-15 гадоў калоніі, яшчэ 15 чалавекам былі прызначаныя тэрміны ў 16-19 гадоў, 10 чалавек асудзілі на 20-23 гады зняволення. Самы суровы — максімальны тэрмін у 25 гадоў — атрымаў Мікалай Аўтуховіч.

На канец 2022 года сярод палітзняволеных налічвалася не менш за 15 сямейных пар, якія былі асуджаныя на тэрміны зняволення ці знаходзіліся пад следствам у СІЗА.

У мінулым годзе за кратамі заставаліся:

108 дзеячаў культуры

32 прадстаўнікі медыя

6 адвакатаў

6 праваабаронцаў «В*сны».

У 2022 годзе кіраўнік Гомельскай філіі «В*сны» Леанід Судаленка пачаў адбываць прызначаны тэрмін пазбаўлення волі ў тры гады ў папраўчай калоніі №3. У верасні да 15 гадоў зняволення была асуджаная каардынатарка валанцёрскай службы «В*сны» Марфа Рабкова, а валанцёр Андрэй Чапюк атрымаў 6 гадоў калоніі.

Пад вартай у СІЗА-1 заставаліся старшыня «В*сны» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч. 5 студзеня 2023 года праваабронцаў пачалі судзіць, ім пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Сярод палітзняволеных не менш за 25 пенсіянераў і пенсіянерак. Самая старэйшая — 74-гадовая Наталля Таран была асуджаная да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Таксама ў невыносных умовах зняволення знаходзяцца 74 чалавекі з інваліднасці ці цяжкімі захворваннямі. 

Цягам 2022 года па “справе Зельцэра” за кратамі ўтрымлівалася не менш за 120 чалавек. Значная частка з іх была асуджаная да пазбаўлення волі на тэрміны ад палутара годоў да шасці з паловай гадоў.

КДБ унёс у так званы спіс “тэрарыстаў” па меншай меры 148 палітвязняў. 

З моманту першых прысудаў па палітычна матываваных крымільнальных справах на волю выйшлі, цалкам адбыўшы тэрмін, — не менш за 253 палітзняволеных.