7 студзеня пасля 22 сутак адміністрацыйнага арышту слонімскі журналіст і літаратуразнавец Сяргей Чыгрын выйшаў на волю. Агулам ён адбыў у ізалятары 22 сутак.

Сяргея Чыгрына затрымалі 16 снежня, суд Слонімскага раёна прызначыў яму 7 сутак адміністрацыйнага арышту — інкрымінавалі перапосты з «экстрэмісцкіх рэсурсаў», хоць насамрэч калегі звязваюць яго арышт з ранейшай працай у недзяржаўных медыя. 23 снежня літаратара не выпусцілі на волю, прысудзіўшы яшчэ 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Сяргей Чыгрын да апошняга часу працаваў загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра. Аднак пасля арышту кіраўніцтва ўстановы, не асабліва ўнікаючы ў дэталі, 19 снежня яго звольніла.