
Новы закон «аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці» зʼявіўся 6 студзеня на Нацыянальным прававым партале. Ён дазваляе выкарыстоўваць аўдыё, відэа, ПЗ і таварныя знакі, нават калі праваўладальнік не даў згоду. Юрысты распавялі, якія магчымасці новы дакумент дае дзяржаве.
Праваўладальнікі з «недружалюбных» краін
Аўтары дакумента сцвярджаюць, што «новы закон дапаможа стварыць умовы для лічбавага развіцця, павысіць інфармацыйную бяспеку, забяспечыць доступ да дасягненняў сусветнай культуры і падзей сучаснага жыцця і развіць інтэлектуальны і духоўна-маральны патэнцыял грамадства».
У законе сказана, што выкарыстоўваць ПЗ, музыку, відэа і г.д. без дазволу можна будзе, калі праваўладальнік належыць да краіны, якая ажыццяўляе «недружалюбныя дзеянні» у дачыненні да Беларусі. Спіс «недружалюбных краін» будуць складаць дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя Саўмінам.
У красавіку мінулага года Саўмін уключыў у спіс «недружалюбных» краін Аўстралію, краіны Еўрасаюза, Канаду, Ліхтэнштэйн, Нарвегію, Новую Зеландыю, Албанію, Ісландыю, Паўночную Македонію, Вялікабрытанію, ЗША, Чарнагорыю і Швейцарыю.
Юрыстка Марыя Колесава-Гудзіліна пацвярджае трактоўку, што «дзяржава па гэтаму закону мае права выкарыстоўваць любыя інтэлектуальныя працы і рабіць свае гімны, песні і так далей, выкарыстоўваць па сваім меркаванні».
Узнагароджанне будзе, але яго вызначыць Саўмін
Згодна з дакументам, за выкарыстанне абʼектаў інтэлектуальнай уласнасці выплачваецца ўзнагароджанне. Карыстальнікі залічваюць яго на разліковыя рахункі патэнтнага органа – там узнагароджанне можа захоўвацца да запатрабавання праваўладальніка, але гэты тэрмін не павінен перавышаць трох гадоў.
Пры гэтым 20% узнагароды «на пакрыццё выдаткаў» можа забраць сам патэнтны орган. Памер узнагароды і як менавіта яна будзе выплачвацца праваўладальніку будзе вызначаць Саўмін.
Таварныя знакі можна браць без згоды, калі вельмі хочацца
У новым законе гаворыцца, што «для павышэння ўнутранай устойлівасці» эканомікі можна будзе ўвозіць у Беларусь і рэалізоўваць тавары, якія змяшчаюць абʼекты інтэлектуальнай уласнасці без згоды замежных праваўладальнікаў, калі яны ўключаныя ў спіс «істотна важных тавараў». Такі спіс будуць складаць дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя Саўмінам.
– Напрыклад, Mcdonaldʼs мае таварны знак першапачаткова на тэрыторыі іншай краіны. Атрымліваецца, у Рэспубліцы Беларусь яго можна выкарыстоўваць дзяржаўнай арганізацыяй для развіцця беларускага грамадства,
– тлумачыць Колесава-Гудзіліна.
Юрыст Сяргей Зікрацкі растлумачыў, што раней праваўладальнікі ўносілі свае таварныя знакі ў спецыяльны мытны рэестр. У такім выпадку тавары, маркіраваныя такімі таварнымі знакамі, маглі ўвозіцца ў Беларусь толькі са згоды праваўладальніка.
Пры гэтым тавары павінны быць «правамерна», то бок са згоды праваўладальніка, уведзеныя ў грамадзянскі зварот на тэрыторыі любой краіны. Аднак правяраць гэта, мяркуючы па ўсім, не будуць – у законе гаворыцца, што тавар лічыцца ўведзеным у грамадзянскі абарот правамерна, «пакуль не ўстаноўлена іншае».
– Я б сказала, што гэта нябачанае нахабства беларускага заканадаўца. Фактычна, дзяржава дае сабе права выкарыстоўваць любыя абʼекты інтэлектуальнай уласнасці без згоды праваўладальнікаў. Напрыклад, кампаніі, якія не хочуць выкарыстоўваць і маюць права забараніць выкарыстанне на тэрыторыі пэўных краін, раптам гэта права губляюць. Гэта проста нонсэнс,
– лічыць Колесава-Гудзіліна.
Наколькі гэта законна
Калі казаць зразумелымі словамі, дзяржава санкцыянавала крадзеж, – лічыць Зікрацкі. – Цяпер кожны можа ўзяць чужое і выкарыстоўваць гэта чужое без згоды ўласніка. Пры гэтым выгаданабытчыкам такога крадзяжу будзе дзяржава, паколькі ў канчатковым выніку атрымае суму ўзнагароджання, якое само і вызначыць.
Калі выкарыстоўваюцца абʼекты, якія належаць замежным субʼектам, акрамя нацыянальнага заканадаўства дзейнічаюць яшчэ і нормы міжнародных канвенцый. Беларусь зʼяўляецца ўдзельніцай шэрагу міжнародных канвенцый, якія прадугледжваюць рэгуляванне і ахову абʼектаў інтэлектуальнай уласнасці.
– Напрыклад, у выпадку абʼектаў аўтарскага і сумежнага правы Беларусь зʼяўляецца ўдзельніцай Бернскай канвенцыі па ахове літаратурных і мастацкіх твораў. Гэтая канвенцыя ў тым ліку прадугледжвае выпадкі, калі дзяржава – удзельнік мае права ў сваім нацыянальным заканадаўстве вызначыць выкарыстанне твораў без згоды праваўладальнікаў. Новы закон ніяк не падыходзіць пад крытэры вольнага выкарыстання, вызначаныя Бернскай канвенцыяй.
Што могуць зрабіць праваўладальнікі
Зікрацкі сумняецца, што праваўладальнікі могуць разлічваць на абарону ў Беларусі. Суд будзе спасылацца на новы закон і ўсталюе, што парушэнняў не адбылося, а праваўладальнікам прапануюць звярнуцца ў патэнтны орган і забраць той памер узнагароды, які вызначыў для іх урад.
– Аднак, акрамя абароны ў Беларусі, ёсць яшчэ і міжнародныя інстанцыі. Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці назірае за выкананнем міжнародных актаў па ахове інтэлектуальнай уласнасці. У самой Бернскай канвенцыі прадугледжаны механізм спрэчкі дзяржаў па ўжыванні гэтай канвенцыі. Я дапускаю, што некаторыя краіны могуць запусціць гэты механізм і звярнуцца ў Міжнародны суд ААН для вырашэння гэтага пытання.
Аўтар: Вікторыя Воўк паводле «Медыязоны»
Гомельская вясна