
Так званы Следчы Камітэт РБ нарэшце нарадзіў поўнае абвінавачанне нараджэнцу Ліды Паўлу Белавусу – заснавальніку крамы Symbal.by і «Арт Сядзібы».
Калі раптам нашыя шаноўныя чытачы дагэтуль вераць у тое, што інкрымінуюць палітвязням сілавыя структуры рэжыма Лукашэнкі, то вы мусіце пачаць сур’ёзна хвалявацца за будучыню гэтага квазідзяржаўнага ўтварэння. Калі верыць «следчым», па краю гострага ляза ходзіць Беларусь ужо як мінімум 10 год.
Паўла Белавуса абвінавачваюць у шэрагу «злачынстваў» з стандартнага спісу палітвязняў, згодна з наступнымі артыкуламі КК РБ:
1) ч.1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
2) ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюц грамадскі парадак);
3) ч.3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі);
4) ч.1 арт. 361-1 (кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем).
Паводле словаў начальніка ўпраўлення СК Сяргея Паско, Белавус на працягу ажно 10 год вёў актыўную (!) дзейнасць, накіраваную на змену здяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. З 2011 года Павал «пачаў трансляваць патрэбную яму інфармацыю» дзеля пошукаў аднадумцаў. Не хочацца зараз адсылаць «следчых» да арт. 34 Канстытуцыі, проста зафіксуем, што дзяржслужбоўцы пра Канстытуцыю хутчэй за ўсё наогул мала што ведаюць, іначай антыканстытуцыйны захоп улады «заўважылі» яшчэ ў 1996-ым годзе.
Далейшыя фармулёўкі, прапанаваныя «следствам» без слёз, а хутчэй без горкага смеху чытаць немагчыма: «Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізма, мэтай якіх была змена дзяржаўнай улады ў Беларусі». У гэтым выразе цудоўным з’яўляецца ўсё і адразу: без тлумачэння і доказаў таго, чым ёсць паводле закону і здаровага глузду беларускі нацыяналізм і яго ідэі, «гасударавы людзі» заяўляюць, што гэтыя ідэі, распаўсюджаныя шляхам культурна-гістарычнага развіцця Беларусі, ёсць шкоднымі для іх «дзяржаўнай улады». То бок атрымліваецца, што яны:
а) ворагі нацыянальнай ідэі беларусаў;
б) усімі сіламі і сродкамі наўмысна перашкаджаюць культурна-гістарычнаму развіццю краіны, адчуваючы ў гэтым для сябе наўпроставую небяспеку.
Гэта проста чыстасардэчнае прызнанне злачынцаў! Пасля такіх заяваў Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі здаровага чалавека ўжо мусіў зацікавіцца складальнікамі такіх абвінавачанняў з мэтай высвятлення іх шкодніцкай для нацыянальных інтарэсаў Беларусі дзейнасці. Але ў лукашэнкаўскім Залюстроўі КДБ з’яўляецца неад’емнай складной часткай хеўры здраднікаў і ўзурпатараў дзяржаўнай улады, таму ў «здрадзе дзяржаве» так званы СК абвінавачвае Белавуса.
Далей СК заяўляе пра «замежнае фінансаванне» «падрыўной дзейнасці» Паўла. Для дзяржпрапаганды падобныя абвінавачанні таксама даволі стандартныя, усіх апанэнтаў трэба замазаць у карупцыі і фінансавых махінацыях, каб адштурхнуць ад іх грамадскую думку. Вось толькі неяк сціпла ацанілі «следчыя» распісаную імі «дэструктыўную дзейнасць». За 10 год актыўнейшай працы Белавус атрымаў усяго 150 тысяч даляраў, 50 тысяч эўра і зусім ужо капеешныя 40 тысяч злотых, або каля 210 тысяч даляраў агулам. Матэматычныя падлікі выдаюць на месяц суму прыкладна ў 1800 даляраў, і за гэтыя грошы, паводле заявы СК, Белавус збіраўся мяняць «дзяржаўную ўладу» ў Беларусі? І самае смешнае, што паводле логікі развіцця падзеяў, ён амаль здзейсніў сваю мэту, іначай бы яго не вырашылі арыштаваць, бо дагэтуль спакойна дазвалялі яму дзейнічаць 10 год. Ці ў дзяржструктурах ён сабе стварыў агентурнае сеціва, якое перашкаджала «следчым органам» ажыцявіць арышт небяспечнейшага «злачынцы»? Дзе ж тады іншыя фігуранты справы, гучныя затрыманні? 10 год проста пад носам у сілавікоў рэжыма ствараецца «экстрэмісцкае фармаванне», з-за межаў атрымліваецца фінансаванне на яго дзейнасць, актыўна рыхтуецца «антыканстытуцыйная» змена ўлады, а ўсе ахоўныя рэжымныя структуры нібы заплюшчваюць вочы. Атрымліваецца адно з двух: або гэтая дзейнасць усё ж была не такой «дэструктыўнай», як зараз заяўляецца, або ўнутры рэжыма існавалі і, калі не называюцца прозвішчы іншых фігурантаў, існуюць дагэтуль не выкрытыя «следствам» агенты гэтага «экстрэмісцкага фармавання».
Творчасць выдумшчыкаў з боку рэжыма Лукашэнкі па апраўданні адвольных арыштаў бязвінных беларусаў уражвае. Яны не грэбуюць нават прызнаннем ва ўласных злачынствах, бо ўпэўненыя ў беспакаранасці. І варта прызнаць, што сапраўдныя злачынцы не панясуць ніякай адказнасці, пакуль існуе гэты злачынны рэжым.