Інтэрнэт-рэсурс @nebovkletku паведамляе, што аднаму з вязняў ПУ «Турма №1» не дазволілі даслаць віншавальную паштоўку на Раство 25 снежня. Прычынай забароны стала польская мова, якой было напісана віншаванне.

Пра падобныя праблемы раней паведамляла жонка палітвязня Анджэя Пачобута Аксана Пачобут. Паводле яе словаў, журналіст не атрымаў ніводнага ліста ад сына, а сын, адпаведна, ад свайго бацькі, бо пісаліся паведамленні па-польску, як яны заўсёды рабілі.

Падобныя дзеянні супрацоўнікаў гарадзенскай турмы парушаюць не толькі правы вязняў (у тым ліку канстытуцыйныя), але нават Правілы ўнутранага распарадку СІЗА і турмаў, дзе дакладна прапісана, што лісты могуць быць напісаныя на любой мове. І гэта натуральна, бо за краты можа патрапіць прадстаўнік любога народу ці дзяржавы, які фізічна не валодае дзяржаўнай мовай Беларусі.

У выпадку, калі мова паслання не з’яўляецца дзяржаўнай, цэнзар мае права на дадатковую праверку з адпаведным перакладам тэкста, калі гэта будзе неабходна для цэнзуравання.

То бок фактычна лісты на іншых мовах могуць быць затрыманыя на больш працяглы тэрмін для праверкі, але не даслаць іх турэмнікі не маюць падставаў, калі ліст не ўтрымлівае чагосьці, што парушае правы іншых людзей ці нейкія артыкулы Крымінальны Кодэксу РБ. Наўрад ці віншавальная паштоўка ці ліст сына да бацькі або бацькі да сына маглі ўтрымліваць падобную незаконную інфармацыю. Хутчэй гэтыя штучныя забароны, у якіх ніколі не прызнаюцца турэмнікі, прадыктаваныя незаконнымі загадамі з Менску дзеля чарговага ціску на палітычных зняволеных.

Апроч гэтага лісты з Польшчы да вязняў як гарадзенскай турмы, так і іншых установаў так званай пэнітэнцыярнай сістэмы РБ да адрасатаў не трапляюць, на якой бы мове яны ні былі напісаныя. Гэта таксама парушае правы вязняў на атрыманне карэспандэнцыі. У дадзеным выпадку меркаваць пра прычыну парушэння можна досыць лёгка: такім чынам, рэжым Лукашэнкі спрабуе ўпэўніць палітвязняў у поўнай адсутнасці падтрымкі іх з боку цывілізаванага свету.

Змагацца з парушэннем правоў вязняў на атрыманне і дасыланне лістоў (а роўна і іншых правоў і законных інтарэсаў) даволі праблематычна. А часцей гэта амаль немагчыма, бо сістэма, якую збудаваў Лукашэнка, перажыла ў 2020 годзе канчатковы прававы дэфолт, адмовіўшыся нават ад ілюзіі ці імітацыі законнасці сваіх дзеянняў.

Аднак фіксаваць для будучага суда над рэжымам усе вядомыя вам парушэнні і злачынствы праваабаронцы лічаць неабходным. Будаваць справядлівае грамадства і прававую дзяржаву потым будзе значна лягчэй пасля засуджэння кожнага злачынцы.